Еўрапейская партыя зялёных адзінагалосна асудзіла праект беларускай АЭС
А ўкраінскія эколагі на слуханнях у Кіеве адзначылі, што праект мае шэраг істотных недахопаў. Міністэрства аховы прыроды Ўкраіны паабяцала, што перадасць усе за
Слуханні па Астравецкай АЭС у Кіеве працягваліся на паўгадзіны больш, чым планавалася напачатку. Але рэгламент быў вытрыманы, і кожны зацікаўлены здолеў выступіць, у тым ліку і прадстаўнікі Міжнароднай экалагічнай экспертызы з Беларусі ды Расіі. Агулам украінская экалагічная супольнасць выказалася негатыўна па праекце беларускай АЭС.
На думку ўкраінскіх эколагаў, прадстаўлены атамшчыкамі праект мае шэраг істотных недахопаў. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў старшыня арганізацыі “Экаклуб” з Роўна Андрэй Мартынюк.
Андрэй Мартынюк: “Гэта толькі скарочанае нетэхнічнае рэзюмэ, а поўная версія для грамадскасці недасяжная. Гэты праект не ўтрымлівае шэраг найважнейшых раздзелаў. Там не разгледжана, як менавіта, у якіх аб’ёмах і што будзе рабіць Беларусь з адпрацаваным ядзерным палівам і радыеактыўнымі адходамі. І як яна будзе здымаць з эксплуатацыі атамную станцыю. А менавіта гэтыя тры пытанні з’яўляюцца найважнейшымі. То бок гэта менавіта тое, што найбольш шкодзіць пры эксплуатацыі і закрыцці атамнай станцыі”.
Таксама удзельнікаў слуханняў абурыла тое, што магчымыя выкіды ад Астравецкай станцыі былі недаацэненыя аўтарамі праекту ў некалькі разоў. А рэактарная ўстаноўка мае эксперыментальны характар.
Міністэрства аховы прыроды Ўкраіны паабяцала, што пад пільным кантролем грамадскасці збярэ ўсе заўвагі, агучаныя на слуханнях, і перадасць іх Беларусі. Андрэй Мартынюк падкрэслівае, што разам з украінцамі свой пратэст выказалі і эколагі з Еўрасаюзу.
Андрэй Мартынюк: “Тут была агучаная рэзалюцыя Еўрапейскай партыі зялёных пра тое, што яны адзінагалосна выступілі супраць планаў па будаўніцтве беларускай АЭС. І гэтая рэзалюцыя была перададзеная прадстаўнікам Украінскай партыі зялёных дзеля таго, каб яна была ўлічаная пры наборы каментароў”.
Нагадаем, ранейшыя слуханні па беларускай АЭС у Астраўцы, Вільні і Рызе скончыліся скандалам і рэзкай крытыкай праекту атамнай станцыі незалежнымі экспертамі.
Фота: atomby.net