Еўрасаюз спадзяецца звярнуць Украіну з "беларускай" дарогі
На дэбатах па Украіне ў Еўрапарламенце дэпутаты згадвалі Беларусь і параўноўвалі стандарты выбараў у абедзвюх краінах.
12 снежня, напярэдадні прыняцця рэзалюцыі па Ўкраіне, еўрадэпутаты правялі гарачыя дэбаты па ўкраінскай тэме, неаднаразова згадваючы еўразійскую інтэграцыю як альтэрнатыву еўрапейскай, і сітуацыю ў Беларусі.
Брытанскі еўрапарламентар Чарльз Тэнак (Charles Tannock): "Падчас украінскіх парламенцкіх выбараў хоць і былі невялікія неўрэгуляванасці, гаворка не вядзецца пра масавыя парушэнні. У абраным парламенце палову месцаў занялі прадстаўнікі апазіцыі. Мы вітаем праеўрапейскі шлях Украіны, выступаючы супраць яе далучэння да саюза аўтарытарных Расіі, Беларусі і Казахстана. Апошняе завядзе краіну ў цэлым і яе таленавітых грамадзян у няправільным кірунку. Я ж лічу, што ўкраінцы заслугоўваюць лепшай долі".
Нагадаем, міжнародныя назіральнікі пакрытыкавалі ход парламенцкіх выбараў, што прайшлі паўтара месяца таму. Асабліва негатыўна міжнародная супольнасць ацаніла турэмнае зняволенне двух лідараў апазіцыі — Юліі Цімашэнка і Юрыя Луцэнкі. Тым не менш еўрадэпутаты, хоць прызнаючы, што ва Украіне адбываецца пэўны рэгрэс у палітычнай сферы і галіне правоў чалавека, заклікаюць не параўноўваць яго маштаб з сітуацыяй у Беларусі.
Марэк Мігальскі (Marek Migalski): "Працэс адкату адбываецца на ўсёй постсавецкай прасторы: і ва Украіне, і ў Расіі, і ў Беларусі. Але ж не варта параўноўваць украінскую сітуацыю з расійскай, а тым болей беларускай. Нягледзячы на ўсе тыя праблемы, якія мы тут абмяркоўваем, украінцы мелі магчымасць выказаць сваю волю на выбарах. Таму нам трэба падтрымаць еўрапейскія аспірацыі Украіны".
Самы моцны і эфектыўны шлях падтрымаць Украіну на шляху збліжэння з Еўрасаюзам — гэта як мага хутчэй запусціць Пагадненне аб асацыяцыі, якое ЕС раней замарозіў з-за зняволення Цімашэнка і Луцэнкі. Былы старшыня Дэлегацыі Еўрапарламента па адносінах з Украінай Адрыян Северын выказаўся на гэты конт вельмі крытычна.
Адрыян Северын (Adrian Severin): "Мы здраджваем нашым каштоўнасцям, адчужаючы ўкраінскі народ нашым цынізмам і блізарукасцю, штурхаючы краіну ў [Еўразійскі] саюз, які не шануе нашых стандартаў. Мы здраджваем сваім інтарэсам, калі адвяргаем выгады ўжо дамоўленага Пагаднення аб асацыяцыі, які хай марудна, але пэўна наблізіць Украіну да ЕС праз эканамічную інтэграцыю і палітычную асацыяцыю. Тады мы робім з Украіны еўразійскія задворкі ля нашых межаў. Давайце не хлусіць самі сабе: адвалока — значыць адмова!"
Большасць еўрадэпутатаў, якія ўзялі слова, пагадзіліся, што Пагадненне аб асацыяцыі прывяжа Украіну да ЕС і зробіць яе праеўрапейскі курс незваротным. Але еўракамісар Штэфан Фюле, які прысутнічаў на дэбатах, трохі ахаладзіў галовы найбольш апантаных прыхільнікаў хуткага запуску пагаднення аб асацыяцыі.
Штэфан Фюле (Štefan Füle): "Вільня, Саміт "Усходняга партнёрства", лістапад 2013 — вельмі зручны час і месца падпісаць Пагадненне аб асацыяцыі з Украінай. Гэта таксама належны час звярнуцца да праблем "Усходняга партнёрства", яго будучыні і выгадаў, і ролі еўрапейскай перспектывы для краін ініцыятывы".
ЕС чакае ад Украіны яшчэ больш адкрытых і справядлівых выбараў, правядзення судовай і канстытуцыйнай рэформаў і актывізацыі барацьбы з карупцыяй.