Еўранэст прапаноўвае беларускае пытанне вырашаць з дапамогай Расіі
Падчас парламенцкай асамблеі Еўранэст прагучалі прапановы вырашыць “беларускае пытанне” з дапамогай Расіі.
І гэтая ідэя знаходзіць прыхільнікаў сярод асобных еўрадэпутатаў. Пра гэта Еўрарадыё распавёў прадстаўнік кампаніі “Гавары праўду”, які браў удзел у паседжанні працоўнай групы па Беларусі. Паседжанне праходзіла 2 красавіка ў Баку.
Прадстаўнік Беларусі: “Сёння ўсё больш і больш людзей, у тым ліку ў Еўрапарламенце, кажуць, што трэба далучаць Расію і размаўляць з ёй па беларускім пытанні. Ёсць дэпутаты, якія лічаць, што, паколькі сёння Расія і сапраўды мае ўсе магчымасці ўплываць на сітуацыю, трэба ціснуць праз Расію, выкарыстоўваючы інтарэсы Расіі ў Беларусі. І ў гэтым ёсць сапраўдная небяспека”.
Такая ідэя, кажа суразмоўца Еўрарадыё, узнікла пасля таго, як удзельнікі працоўнай групы па Беларусі прыйшлі да высновы: ніхто не ведае, якія яшчэ можна зрабіць крокі, каб змяніць сітуацыю ў нашай краіне. Прадстаўнікі Беларусі ўспрынялі прапанову наконт далучэння Расіі негатыўна. Было вырашана працягнуць працу “групы па Беларусі” ў нашай краіне, але аднаму з сябраў дэлегацыі — літоўскаму дэпутату адмовілі ў беларускай візе.