Еўрапарламент заклікаў памілаваць Канавалава і Кавалёва
У рэзалюцыі змешчаны заклік да ўладаў Беларусі ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне.
Еўрадэпутаты спасылаюцца на даклады міжнародных праваабарончых арганізацый, якія змяшчаюць довады, што "працэс Вярхоўнага суда быў несправядлівы, раследаванне суправаджалася сур'ёзнымі парушэннямі правоў чалавека і наўмысным грэбаваннем важных улікаў, што сведчаць пра невінаватасць двух чалавек".
Адзначаеццца, быццам Канавалаў і Кавалёў былі пазбаўленыя доступа да адвакатаў, маюцца сведчанні ўжывання катаванняў да іх, каб выбіць прызнанні, а на іх вопратцы не было знойдзена выбуховых рэчываў.
На падставе гэтага еўрадэпутаты заклікаюць "кампетэнтныя органы правесці поўнае, справядлівае расследаванне, каб забяспечыць правасуддзе для пацярпелых ад жахлівага акта тэрарызму".
Рэзалюцыя асуджае смяротныя пакаранні Кавалёву і Канавалаву, заклікае Аляксандра Лукашэнку памілаваць іх ды ўстанавіць мараторый на смяротную кару. Краіны Ўсходняга партнёрства і Расію просяць таксама заклікаць Беларусь адмяніць смяротнае пакаранне.
Дакумент патрабуе безумоўнага неадкладнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных. Асобна ўзгаданыя Мікола Статкевіч, Андрэй Саннікаў, Алесь Бяляцкі, Павел Севярынец, Зміцер Бандарэнка і галадуючы Сяргей Каваленка. Асуджаюцца пераслед праваабронцаў, прадстаўнікоў дэмакратычнай апазіцыі, грамадзянскай супольнасці і незалежных СМІ.
Усе прысутныя ў залі еўрадэпутаты падтрымалі тэкст рэзалюцыі.
***
Еўрадэпутаты зноўку нагадалі пра неабходнасць перанесці чэмпіянат па хакеі-2014
Падчас дэбатаў па смяротным пакаранні дэпутаты Еўрапарламента нагадалі пра іншыя патрабаванні да беларускіх уладаў.
Хаця асноўная ўвага рэзалюцыі па Беларусі — на існаванні ў нашай краіне смяротнага пакарання і справе Канавалава ды Кавалёва, асобныя пункты тычацца даўніх патрабаванняў, перадусім вызваленні палітычных зняволеных.
Яцэк Пратасевіч: "Мы маем прычыны ставіць пад сумнеў належнасць беларускага правасуддзя. Заклікаем улады замарозіць смяротнае пакаранне і ўвесці мараторый на выкананне прысудаў. Заклікаем таксама спыніць ціск на актывістаў, вызваліць палітычных зняволеных і пачаць дыялог з ЕС".
Былая зорка сусветнага хакея Пэтэр Шчасны яшчэ раз нагадаў пра байкот спартовых мерапрыемстваў.
Шчасны: "Еўрасаюз павінен працягнуць санкцыйную палітыку — забарону на ўезд і замарозку актываў Лукашэнкі і яго паплечнікаў. А таксама патрабаваць, на падставе рашэнняў Еўрапарламента і Сената ЗША, перанесці правядзенне чэмпіяната па хакеі. Гэта мусіць паспрыяць вызваленню палітычных зняволеных і дэмакратызацыі Беларусі".
Аднак у рэзалюцыі Еўрапарламента тэма магчымай адмены чэмпіянату свету па хакею 2014 года ў Мінску не прысутнічае.
Фота — Reuters