Фанаты Papa Roach будуць прымаць куміраў “па інструкцыі”
Арганізаваць дзеянні прыхільнікаў вызвалася 20-гадовая студэнтка з Эканамічнага ўніверсітэту, якая прапанавала зладзіць флэш-моб на канцэрце.
8 лістапада ў мінскі клуб Re:Public прыедуць Papa Roach. Вольга Галай, студэнтка 4 курса БДЭУ, чакае прыезду сваіх куміраў літаральна “ўсё жыццё” (ёй 20 год, а гурту – 19). І інфармацыя пра канцэрт у Беларусі справакавала яе на актыўныя дзеянні:
“У мяне ёсць апасенні, што не ўсе будуць ведаць словы песень Papa Roach, і такім чынам не змогуць паказаць сваё добрае стаўленне да гурта”, — расказвае Еўрарадыё Вольга.
Перажыванні, што Мінск можа “аблажацца” і дрэнна прыняць любімы гурт, прывялі Вольгу да ідэі арганізаваць флэш-моб на канцэрце. Яна стварыла суполку ВКонтакте, завяла актыўны дыялог з фанатамі і ў выніку выпрацавала сцэнарый паводзінаў на будучым канцэрце. Так, у пэўны час запаляцца неонавыя бранзалеты, “цэнтралізавана” ўздымуцца ўгару раздрукаваныя паперкі з назвай гурта, і, галоўнае, на “раз-два-тры” фэны спяюць дзве песні і гэтым прыемна здзівяць амерыканскіх рокераў.
“Усё-такі з новага альбома браць песні я не рызыкнула (новы альбом “The Connection” у Papa Roach выйшаў зусім нядаўна, 2 кастрычніка — удакл. Еўрарадыё), — кажа Вольга. — Таму спяваць будзем усім вядомыя “Take Me” і “Last resort””.
Цікава, што адміністрацыя клуба Re:Public, убачыўшы актыў фанатаў, вырашыла дапамагчы ім у флэш-мобе. На ўваходзе раздадуць тысячу неонавых бранзалецікаў, а таксама лістоўкі з тэкстамі песень і інструкцыяй, калі іх трэба спяваць.