Фанаты “Партызана” хочуць выкупіць каманду і заявіць яе ў другую лігу

Фанаты мінскага футбольнага клуба “Партызан” плануюць выкупіць каманду, якая з-за адсутнасці фінансавання можа знікнуць.

“Ідэя такая: стварыць грамадскае аб’яднанне, а пасля набыць нейкую долю “Партызана”, як ужо дамовімся з Раманавым. Усе, хто ўступяць у аб’яднанне, будуць вырашаць лёс клуба, уносіць членскія ўзносы”, – дзеліцца ідэяй з Еўрарадыё кіраўнік клуба заўзятараў ФК “Партызан” Леанід Пяткевіч.

Па яго словах, грошы будуць збірацца на працягу лютага, а пасля будзе бачна, ці хапае сродкаў, каб заявіць каманду ў другую лігу. Фанаты спадзяюцца, што іх расійскія і еўрапейскія сябры таксама не застануцца ў баку. Калі ўсё атрымаецца, то касцяк новай каманды складуць выхаванцы спартовай школы “Партызана” 1995 года нараджэння. Дзіцячую школу фанаты таксама б хацелі ўзяць на свой баланс.

У самім клубе Леаніду распавялі пра даўгі “Партызана” ў 150 тысяч долараў.

Леанід Пяткевіч: “Проста зараз у “Партызана” шмат даўгоў. Як мне сказалі, каля 150 тысяч долараў, і невядома, адкуль іх браць. Калі прададуць клубны аўтобус, то адсоткаў 80-90 даўгоў можна будзе пагасіць. Там даўгі перад гульцамі, Стайкамі і, здаецца, САК “Алімпійскі”.

Генеральны дырэктар “Партызана” Людас Румбуціс з павагай паставіўся да ідэі фанатаў захаваць каманду хаця б у другой лізе. Бо шансаў на тое, каб застацца нават у першай лізе, Людас Румбуціс ужо не бачыць.

Людас Румбуціс: “Я ўсё растлумачыў фанатам. Яны не разумеюць многіх рэчаў. Але за такое жаданне трэба пакланіцца ў ногі тым пацанам, якія збіраюцца гэта рабіць. Выкупіць яны не выкупяць, але могуць неяк па-іншаму арганізаваць гэта”.

Што тычыцца аўтобуса, то ў другой лізе ён і не патрэбны, лічыць Румбуціс.

Людас Румбуціс: “Ёсць даўгі, не ўсім пагасілі. А навошта ім аўтобус? Трэніравацца ў двухразовым рэжыме яны не будуць. Яны будуць збірацца трэніравацца, а на выезд арандаваць аўтобус. Там 15 выездаў, груба кажучы. Даражэй трымаць свой аўтобус, чым аплачваць такія выезды”.

У Беларускай федэрацыі футбола кажуць, што для падачы заяўкі на выступ у другой лізе, патрэбна каля 70 мільёнаў рублёў. Але нават гэтыя грошы могуць не ўратаваць мінскі “Партызан”.

Ну, па-першае, патрэбная рэкамендацыя абласной, ці ў выпадку Мінска – гарадской федэрацыі футбола. І зноў жа, заявачны ўзнос. Калі будзе 16 каманд, то ён будзе складаць каля 70 мільёнаў рублёў”, – тлумачаць ва Упраўленні па правядзенні спаборніцтваў федэрацыі футбола.

Калі клуб дыскваліфікуюць, фанаты і заўзятары хочуць стварыць новую каманду для 2 лігі. Якая будзе называцца, напрыклад, “Партызан-Мінск”. Таксама не вызначаны хатні стадыён. Да апошняга часу “Партызан” за гульні на “Трактары” нічога не плаціў. Калі ж нованароджанаму клубу прад’явяць вялікі рахунак за арэнду поля, фанаты будуць шукаць новую пляцоўку.

Цікава, што ў Мінску ўжо ёсць адна каманда, якая жыве за кошт заўзятараў. Фанаты мінскага “Тарпеда” не пагадзіліся са знікненнем свайго клуба, і з 2007-га года разам з гульцамі утрымліваюць “Тарпеда” за свой кошт. Фанаты разам з трэнерам Анатолем Фаміным спадзяюцца, што неўзабаве, праз год ці два, “Тарпеда” зайграе ў першай ці другой лізе.

Анатоль Фамін: “У нас самая непасрэдная сувязь з фанатамі. Мы адно цэлае. І без іх дапамогі мы б, адназначна, не выжылі – магу гэта заявіць, дзе заўгодна. Галоўнае, калі ты гуляеш важны матч, і на яго прыходзіць 600-700 заўзятараў – больш, чым на ФК “Мінск”. А каманда гуляе ў аматарскім першынстве. І яны балеюць за цябе, падтрымліваюць, у тым ліку і фінансава”.

Фота: mtz-ripo.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі