Фанк-джазавыя свавольнікі Chiefs Band выпускаюць дэбютны альбом
А таксама плануюць зладзіць бясплатную прэзентацыю пласцінкі.
Праца над дыскам праходзіла каля года. Аўтарам усіх трэкаў на альбоме з’яўляецца бас-лідар гурта Алесь-Францішак Мышкевіч. Выключэннем стала кампазіцыя шведскага музыканта Нільса Ландгрэна “Anytime, anywhere”, для якой Chiefs Band зрабілі ўласную аранжыроўку. Гэтую кампазіцыю музыканты вырашылі прысвяціць загінулай жонцы трамбаніста Chiefs Band Андрэя Альфера.
“Альбом будзе называцца "Jazz Pirats", – распавядае Алесь-Францішак Мышкевіч. - У альбом увойдуць 9 кампазіцый: з іх 5 вакальных і 4 інструментальныя”.
На альбоме музыканты абяцаюць заставацца вернымі сабе – то бок па-ранейшаму прытрымлівацца традыцый Джэймса Браўна і “практыкаваць” махровы фанк-джаз.
Алесь-Францішак Мышкевіч: “Калі нехта, набываючы нашу пласцінку, будзе думаць, што гэта традыцыйны джаз, мы папярэджваем – гэта не так! Гэта не інтэлектуальны джаз, гэта джаз-адтапырка! Мы сябе называем джаз-фанк-свавольнікамі!”
Прэзентацыю альбома музыканты плануюць зладзіць у клубе "Мулен Руж". Алесь-Францішак Мышкевіч кажа, што цалкам верагодна, уваход на канцэрт будзе вольным, дзеля таго, каб “сабраць увесь Мінск”.
Альбом Jazz Pirats выйдзе на пачатку снежня на мінскай студыі "Вігма". А пасля, абяцаюць музыканты, з’явіцца і ў інтэрнэце.