Фільм Дашука пра дайвераў трапіў у бан з-за голых мужыкоў?

“Гэты фільм нават не праходзіў у нас экспертызу! Мы жывем у эпоху правакацый, і інтэрнэт для гэтага добры інструмент. Вядзецца найстражэйшы ўлік, ён вядзецца па электронных дакументах і ў папяровым выглядзе”, — запэўніваюць Еўрарадыё ў Рэспубліканскай экспертнай камісіі па прадухіленні прапаганды парнаграфіі, гвалту і жорсткасці.

Але фільм Уладзіміра Дашука “Страсть” пра дайвераў знаходзіцца ў спісе фільмаў, забароненых для распаўсюду на тэрыторыі Беларусі. Гэты спіс можна было ўбачыць на сайце Міністэрства культуры. Аднак хутка бан-ліст фільмаў знік з сайта.

“У гэты спіс трапляюць парнаграфічныя фільмы, фільмы, дзе ёсць празмерная жорсткасць, якая не падзяляецца нашым культурным кодам. Наш масавы глядач, напрыклад, не зможа зразумець, чаму ў фільме “Піла” адразаюцца галовы”, — кажуць у экспертнай камісіі.

І абяцаюць праверыць, што ў спісах. Бо фільм Дашука туды не ўключалі.

“Я патэлефаную ў Дэпартамент і папрашу, каб пераглядзелі гэты спіс. Бо няма там гэтага, мы гэта туды не ўключалі!”.

 

У Дэпартаменце па кінематаграфіі Міністэрства культуры не могуць адказаць, чаму фільм Дашука трапіў у гэты спіс.

“Магчыма, уносілі нейкія папраўкі і былі нейкія тэхнічныя памылкі”, —  мяркуюць у Дэпартаменце.

Еўрарадыё датэлефанавалася да аўтара стужкі Уладзіміра Дашука. Рэжысёра ніколькі не здзіўляе, што фільм апынуўся ў нейкіх спісах, бо ў 2009 годзе яго сапраўды прызналі парнаграфічным.

Уладзімір Дашук: “Яны прызналі, што фільм “Страсть” утрымлівае элементы парнаграфіі. У мяне нават ёсць гэта заключэнне. Гэта было на стадыі, калі Міністэрства культуры прымала фільм. Мяне тады прымусілі прыбраць адзін эпізод, бо ён быў прызнаны парнаграфічным”.

 

Парнаграфічны эпізод — пра тое, як мужчыны мыюцца ў душы.

“У маёй карціне ёсць эпізод, дзе мужчыны выбраліся з вады і мыюцца пад імправізаваным душам. У кадры бачны азадак і гэта завецца парнаграфіяй”, — здзіўляецца Уладзімір Дашук.

Пасля выдалення эпізоду фільм Дашука атрымаў... прыз за лепшую рэжысёрскую працу года!

Агулам у бан-лісце экспертнай камісіі, які знаходзіўся на сайце Міністэсртва культуры, каля 100 фільмаў. Некаторыя з іх — удзельнікі міжнародных конкурсаў, у тым ліку Канскага фестывалю. Напрыклад, фільм “Антыхрыст” Ларса Фон Трыера.

Скрын з сайта Міністэрства культуры. Пераходзім да забароненых фільмаў і...

... знаходзім тут фільм Дашука.

Фота: wpapers.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі