Футбалісты “Дняпра” гатовыя працягнуць свой страйк
Ужо два дні спартсмены магілёўскага клуба не выходзяць на трэніроўкі. Прычына: ім не заплацілі заробкі за травень і чэрвень.
Як сказаў у жывым эфіры Еўрарадыё капітан каманды Яўген Капаў, футбалісты могуць не выйсці на поле заўтра. Сёння ўсё ж адбыліся перамовы з дырэктарам клуба, але яны не далі вынікаў. “Дняпроўцам” паабяцалі даць грошы, але калі гэта адбудзецца — невядома.
Настроі ў камандзе нярадасныя. На сёння клуб знаходзіцца на перадапошнім радку турнірнай табліцы чэмпіянату Беларусі. Між тым у 1998 годзе “Днепр” быў чэмпіёнам, а яшчэ ў 2009 годзе — бронзавым прызёрам першынства краіны. Цяперашняе спыненне трэніровак не палепшыць форму гульцоў.