Футбольныя фаны сарвалі канцэрт (фота)

Суботнім вечарам 18 чэрвеня ў сталічным клубе "Салтайм" насупраць Нацыянальнай бібліятэкі мусіў прайсці канцэрт Plyama & Indigo, LIL'FILL, Y.B. Hooligans і іншых гуртоў, якіх у інтэрнэце асацыююць з ультраправым рухам.

Неспадзявана іх атакавалі невядомыя.

У клубе “Салтайм” кажуць, што канцэрт так і не распачаўся. Па словах супрацоўніцы клуба, ніхто не пацярпеў – хутка з’явіўся міліцыянт, які выклікаў АМАП. Але хуліганы паспелі пашкодзіць мебель звонку.

“У нас побач бар, наведвальнікі спужаліся, у некаторых быў шок, мебель пашкодзілі, пару крэслаў, сталы перавярнулі. Паказвалі сваю сілу! Дзякуй Богу, тыя хлопцы, што спрабавалі арганізаваць мерапрыемства, не выйшлі на вуліцу. Выйшаў наш арт-адміністратар. Ён вельмі спужаўся.” 

Супрацоўніца клуба кажа, што, хутчэй за ўсё, ў масках былі людзі, якія спісалі ўвесь раён абрэвіятурай “МТЗ” (антыфашысцкія фанаты ФК “Партызан” – Еўрарадыё).

З іншага ж боку былі фанаты мінскага “Дынама”, якія ўжо абмяркоўваюць інцыдэнт на сваёй гасцявой madeinminsk.unoforum.ru.

Супрацоўніца клуба:

“На канцэрт прыйшлі прыстойныя, нармальныя хлопцы ўзросту 23-25 гадоў. Чалавек 40. Некаторыя засталіся, падтрымлівалі нашага адміністратара. Яны навучаюцца ў вну. Сказалі, што з іншага боку было 50 чалавек. Можа з-за страху перабольшылі”.

Людміла з суседняга дома бачыла, калі ўжо ўсе разбягаліся.

Людміла: "Там былі хлопцы ў чорным майках і масках. Калі не памыляюся, на майках было напісана "Хеўра". Чалавек дваццаць. Ляцелі, усіх збіваючы на сваёй дарозе! За імі пабег міліцыянт з апорнага пункта".

Фота з турніра па баях без правілаў сярод антыфашыстаў "Не здавайся" у Мінску

Пасля таго, як за невядомымі пабеглі міліцыянты, каля 70 наведвальнікаў клуба, малая частка з іх – дзяўчаты, збудаваліся ў шыхт і ўсе разам пайшлі ў метро. Усю дарогу іх суправаджаў міліцыянт. Неўзабаве пад'ехаў аўтобус са спецназам.

Людміла, якая жыве ў доме насупраць, хвалюецца за сябе і блізкіх з ёй людзей. І таму паспрабавала высвятліць дэталі здарэння. Па яе словах, міліцыянту з апорнага пункта, які выйшаў на крыкі ля клуба, давялося нават выцягнуць свой пісталет і па рацыі перадаваць пра магчымы напад на супрацоўніка міліцыі.

Наколькі вядома, 20 чалавек затрымана і сёння над імі чакаецца суд.

У судзе Першамайскага раёна Мінска ніякіх каментароў наконт інцыдэнту ў “Салтайм” не далі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі