Фядута: Анталогіяй паэзіі "дзекабрыстаў-2010" ужо зацікавілася выдавецтва
Літаратуразнаўца і грамадскі дзеяч Аляксандр Фядута выступіў з ініцыятывай скласці анталогію паэзіі "дзекабрыстаў" 2010 года.
У анталогію павінны увайсці вершы тых, хто быў на Плошчы 19 снежня і тых, хто пісаў зняволеным у турму. Пра гэта ў жывым эфіры Еўрарадыё распавёў Аляксандр Фядута:
“Першыя творы сапраўды напісаныя, бо вядома, хто пісаў — гэтыя вершы ёсць і ў людзей, якія выйшлі на волю, як напрыклад Уладзімір Някляеў, Лябедзька, я. І ў тых, хто выйшаў на волю раней, адбыўшы суткі. І гэтыя вершы ёсць у інтэрнеце і, вядома, што шмат чаго ў інтэрнэце няма. І мы вельмі спадзяемся, што гэтая ініцыятыва будзе падхоплена, бо мы павінны зрабіць так, каб пра іх ("дзекабрыстаў" — Еўрарадыё) памяталі”.
Фядута адзначыў, што ўжо знойдзена выдавецтва (якое знаходзіцца ў замежжы), якое пагадзілася на выданне такой анталогіі. Ён таксама адзначыў, што да ўдзелу ў гэтай ініцыятыве таксама запрашаюцца фатографы, у якіх ёсць фотаматэр’ялы пра падзеі 19 снежня.