Гадзіннік "Луч" за 126 тысяч долараў яшчэ ніхто не набыў (Фота)
У краме гадзіннік не прадаецца, можна замовіць, зробяць на працягу паўгода-года.
Да адкрыцця новай фірмовай крамы самы дарагі гадзіннік “Луч”, зроблены сумесна з швейцарскай кампаніяй Franck Muller, можна было пабачыць толькі ў музеі завода. Збоку ад уваходу ў фірмовай краме заўважаю пару гадзіннікаў без кошту. Гэта "Луч-Турбіён", яны не прадаюцца, толькі пад замову, і каштуюць прыкладна… 126 тысяч долараў.
Пішам афіцыйную заяву, уносім 35 ці 40 працэнтаў ад кошту і на працягу 6-12 месяцаў па спецзамове атрымоўваем такі гадзіннік.
Як даведалася Еўрарадыё, пакуль заяваў на такія аксэсуары не было. Можа, таму што давядзецца ўнесці 35 ці 40 працэнтаў кошту і чакаць да года? Праўда, швейцарскі гадзіннік з турбіёнам каштуе даражэй.
У новай краме ўжо прадаюцца і старыя мадэлі гадзіннікаў, зробленыя яшчэ да змены ўладальніка. Сюды заходзіў двойчы, абодва разы тусаваліся некалькі чалавек. Жанчына набывае падарунак унуку-праграмісту, яна ведае пра швейцарскія карані гадзінніка.
"Перш за ўсё я патрыётка сваёй краіны. Беларускія — годныя рэчы. А па-другое, гэта ўсё робіцца са швейцарскай фірмай — гэта мяне завабіла. Я зрабіла падарунак ўнуку, ён праграміст".
Еўрарадыё заўважае, што некаторыя гадзіннікі праўда нагадваюць швейцарскія паводле дызайну. Мяркуйце самі па фота. Гадзіннік “Луч” называецца "Фаварыт", каштуе 80 долараў. Ён вельмі падобны на швейцарскі Franck Muller Cintree Curvex Imperial Tourbillon, які абыдзецца ў… 143 тысячы долараў. Дарэчы, гэта адзін з самых танных гадзіннікаў з турбіёнам. У нашых турбіёна няма, затое танней у 1800 разоў!
Швейцарскі гадзіннік без турбіёна каштуе ў разы танней. Мадэль Casablanca — за 22 тысячы долараў, а беларускі "Фаварыт" — за 50, і не тысяч.
"Дызайн у нашых гадзіннікаў не кепскі. Але ў іх з'явілася нейкае незразумелае жаданне напісаць лагатып па-англійску. І, акрамя фірмовага лагатыпа па-руску, з'явіўся яшчэ надпіс па-англійску. Гэта не пасуе зусім. Да і навошта пісаць назву два разы? Гэта лішняе", — лічыць яшчэ адзін наведвальнік крамы.
Дырэктар гадзіннікавага завода прызнаецца Еўрарадыё, што сам носіць "Луч". Ці носіць айчынны аксэсуар нехта з беларускіх чыноўнікаў, невядома. Але вядома толькі, што гадзіннік Мясніковіча ў разы танней за "Луч-турбіён".
Турбіён (tourbillon) гэта механізм, які нівеліруе ўплыў зямнога прыцяжэння на ход гадзіннікаў. Таму гадзіннікі з турбіёнам ідуць вельмі дакладна, а каштуюць вельмі дорага.
Фота: Алесь Пілецкі
Гадзіннікі без турбіёна ў краме "Луч" — каштуюць каля 2 мільёнаў рублёў: