Гамельчука Кастуся Жукоўскага забралі ў міліцыю разам з 6-гадовай дачкой
Каля 11 гадзін актывіст выйшаў са свайго прыватнага дома, каб перадаць дакументы знаёмаму.
Каля дома стаяў аўтамабіль з супрацоўнікамі дэпартамента аховы, узброенымі аўтаматамі. Яны прапанавалі Жукоўскаму праехаць у аддзел міліцыі для разгляду. Як перадае БелаПАН, актывіст адмовіўся, бо дома ў яго — хворая дачка, якую нельга пакінуць. Міліцыянты прыгразілі даставіць Жукоўскага прымусова. У выніку актывіст паехаў у міліцыю з дачкой. Там яго дапытваюць з нагоды інцыдэнту, які адбыўся ў судзе 11 кастрычніка.
Нагадаем, што ў той дзень міліцыянты прыкавалі актывіста да батарэі кайданкамі. Яго звінавацілі ў непавазе да суда.
Раней апазіцыянер адбываў арышт, падчас якога выявілася, што ў яго зламаная нага. Мяркуецца, што нагу яму пашкодзілі супрацоўнікі спецназу пры затрыманні.