Гамяльчане ствараюць новую праваабарончую арганізацыю
Жыхары гораду разам з мясцовымі праваабаронцамі будуць патрабаваць ад дзяржавы выконваць рэкамендацыі ААН.
Больш за 20 гамяльчан і праваабаронцаў Гомельшчыны аб’ядноўваюцца, каб змагацца за свае правы. Тое, што іх правы парушаюцца, пацвердзіў нават Камітэт ААН па правах чалавека. Аднак беларускія ўлады ігнаруюць рашэнні найвышэйшай ў свеце праваабарончай інстанцыі. Каб дапамагаць людзям, рацыю якіх ужо прызнала ААН, але не прызнаюць беларускія ўлады, патрэбная адмысловая арганізацыя — тлумачыць кіраўнік гомельскага абласнога аддзялення партыі “Справядлівы свет” Уладзімір Сякерка.
Уладзімір Сякерка: "Мы хочам прыцягнуць у гэтую арганізацыю ў першую чаргу тых людзей, якія сталі ахвярамі, а ўлада на гэта ніяк не адрэагавала".
Камітэт па правах чалавека ААН з’яўляецца бадай што адзіным рэальным міжнародным механізмам абароны грамадзянскіх і палітычных правоў, да якога маюць доступ беларусы. Аднак, ведаюць пра такую магчымасць адзінкі. Ініцыятары стварэння рэгіянальнай праваабарончай арганізацыі хочуць інфармаваць беларусаў пра іх законныя правы. Калі Мінюст зарэгіструе ініцыятыву, то ў яе могуць з’явіцца і рэгіянальныя прадстаўніцтвы. Калі ж у рэгістрацыі адмовяць, гомельскім актывістам давядзецца абраць больш складаны шлях і дзейнічаць у межах “Беларускага Хельсінкскага камітэта”, — кажа Уладзімір Сякерка.
Уладзімір Сякерка: "Каб сумесна дзейнічаць, ёсць зарэгістраваная арганізацыя “Беларускі Хельсінкскі камітэт” (БХК), калі нас не зарэгіструюць, то будзем працаваць з імі. Можна будзе пры БХК стварыць аддзяленне для асоб, якія сталі ахвярамі парушэння іх правоў і пасля звярнуліся ў ААН".
Будучая гомельская праваабарончая арганізацыя будзе дапамагаць ахвярам прававога гвалту практычна — напрыклад, падаваць калектыўныя звароты. Магчыма,гэта прымусіць дзяржаву прыслухацца да сваіх грамадзян, а не спасылацца на рэкамендацыйны характар рашэнняў Камітэта ААН, спадзяецца гомельскі палітык Уладзімір Сякерка.
Уладзімір Сякерка: “Рашэнне Камітэта ААН па правах чалавека носіць рэкамендацыйны характар, таму мы (Саўмін — заўв. Еўрарадыё) маем права выконваць альбо не выконваць яго. Цяпер можна напісаць індывідуальны зварот на такі адказ, а пасля аб’яднання мы зможам зрабіць калектыўную заяву. Верагодна, што на калектыўную заяву будзе зусім іншая рэакцыя".
За апошнія 15 гадоў са 130 паданых беларусамі скаргаў у Камітэт па правах чалавека ААН толькі 34 былі прызнаныя абгрунтаванымі. У Гомелі 22 асобы падалі 44 скаргі, з іх 12 былі разгледжаныя ААН станоўча.
Рубрыка падрыхтаваная спецыяльна для праграмы "Кардыяграма".
Фота: arabmoneymatters.com