Гандляр спайсам: Прадаём далей. Нас ужо прымалі пару разоў. Але ўсё — гуд
Пасля ўвядзення тэрміну “аналагі” ў закон “Аб наркотыках” некаторыя “барыгі” сышлі з рынку. А нехта, асвоіўшыся, далей прадае спайсы і парашкі.
Чакалася, што новы закон “Аб наркатычных сродках, псіхатропных рэчывах, іх прэкурсорах і аналагах” ударыць па гандлярах легальных наркотыкаў.
Новае паняцце “аналагі”, думалася, дапаможа забараніць сотні новых хімічных соляў, парашкоў і спайсаў, якія ледзь не штодня прадукуюцца ў кітайскіх наркалабараторыях.
Пад выглядам соляў, міксаў, спайсаў, парашкоў і інш. прадаюць небяспечныя хімічныя псіхатропы, якія ўдыхаюцца, курацца ці нават уводзяцца ў вену. Але ўносіць у “Рэспубліканскі пералік” іх аператыўна не паспяваюць. Таму псіхатропы цягам пэўнага часу распаўсюджваюцца, а дылеры не нясуць за гэта крымінальнай адказнасці.
Закон набыў моц напрыканцы кастрычніка, і тут жа сотні наркасуполак з беларускага інтэрнэта былі выдалены самімі ж стваральнікамі. Барыгі, баючыся рэальных тэрмінаў, заселі ў акопе.
Але днямі некаторыя наркасуполкі пачалі зноўку працаваць. Гандляры ізноў не баяцца пакідаць свае тэлефонныя нумары і дамаўляцца наконт сустрэчаў. Набіраем адзін з нумароў.
Малады голас абяцае прадаць паўграма парашку:
“120 тысяч. Але, калі тэрмінова, можам табе зрабіць за сотку”.
Еўрарадыё: А вы дзе знаходзіцеся?
“Праз гадзіну буду на Чыжоўцы”.
Еўрарадыё: Гэта “легалка” (псіхатроп, які пакуль не ўнесены ў Рэспубліканскі наркапералік. — Еўрарадыё) ці не?
“Гэта не “легалка”. Мы робім “закладку”. Ты нам кладзеш у адным месцы грошы, мы табе даем адрас — ты ідзеш, забіраеш. Гэта ўсё хутка, цягам максімум 10-15 хвілін. Мы правяраем, ці паклаў ты грошы. Мы тэлефануем ці sms адпраўляем: нумар дома, пад’езд. І ты забіраеш усё”.
Яшчэ раз цікавімся, ці ўнесены наркатавар у Рэспубліканскі пералік. Дылер нечакана сцвярджае, што, купляючы любы парашок, соль ці спайс, мы рызыкуем турэмным тэрмінам:
“Так, “легалак” няма. Калі табе ёсць 18, то 12 гадоў атрымаеш. Давай ты мне пазней набярэш, калі вырашыш, браць ці не”.
У сацыяльных сетках без цяжкасцяў знаходзім яшчэ аднаго дылера. Гэты ўжо запэўнівае, што распаўсюджвае цалкам “бяспечны” тавар.
“Я ўпэўнены ў тым, што раблю. Ужо прымалі пару разоў. Усё — гуд”.
Еўрарадыё: У чым тавар? Парашок?
“Не, траўка. На чай падобная... “
Пра канкрэтна заведзеныя справы “па аналагах” пакуль не абвяшчаецца. Крыніца ў адным з абласных упраўленняў па наркаконтролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС патлумачыла Еўрарадыё, што тэрмін “аналаг” не дазваляе прылічваць усе новыя сродкі кшталту соляў і парашкоў да наркотыкаў. Але ў будучыні новаўвядзенне дазволіць больш хутка папаўняць "Рэспубліканскі пералік".
Раней у Дзяржаўным экспертна-крыміналістычным цэнтры МУС паведамлялі, што толькі каля паловы ўсіх рэчываў, якія ўносяцца ў “Пералік”, з’яўляюцца структурнымі аналагамі ўжо уключаных раней наркотыкаў і псіхатропаў.
Выходзіць, што змены ў закон па вялікім рахунку не зрабілі на беларускім наркарынку рэвалюцыі.
А суполкі ў сацыяльных сетках, дзе прадаюць “дызайнерскія наркотыкі”, дагэтуль не навучыліся своечасова блакаваць.