Гарвыканкам: Нам патрэбна шэсць ідэолагаў, а ў нас толькі пяць!
Як дзяржчыноўнікі скарачаюць дзярчыноўнікаў, згодна з распараджэннем прэзідэнта, высвятляла Еўрарадыё.
Першым датэлефаноўваюся да Столінскага райвыканкама. Тут пра скарачэнне дзяржапарату нават не чулі!
“Я такой інфармацыі не маю, каб некага скарачалі. Цякучка ёсць, як і ва ўсіх арганізацыях. Хто — на павышэнне, хто на — раўназначную пасаду. Працаваў у адным аддзеле, а перавялі ў іншы”.
Можа, і сапраўды лепш працаваць, калі не ведаеш. Вось ў Маларыцкім райвыканкаме ў курсе пра скарачэнні і чакаюць.
“Узялі інфармацыю пра наш штат. Мы разлічваем, што нізы так чапаць не будуць, як і было абяцана. Калі нам скажуць адну-дзве адзінкі скараціць, тады будзем думаць, што рабіць. Цяпер мы ў чаканні…”
На 106 тысяч насельніцтва Наваполацка ў гарвыканкаме і так маленькі штат чыноўнікаў — абгрунтоўваюць мне тыя самыя чыноўнікі. Але на сайце Наваполацкага гарвыканкама заўважаю, што ў аддзеле ідэалогіі ажно пяць (!) ідэолагаў працуе. Аказваецца, гэта мала!
“Згодна з указам прэзідэнта, на нашу колькасць жыхароў у ідэалагічным аддзеле павінна быць шэсць чалавек. Нават і тут у нас не выконваецца!”, — у Наваполацкім гарвыканкаме спадзяюцца абысціся малой крывёй… вадзіцелямі чыноўнікаў.
“Дзяржслужбоўцы — гэта ж і падатковая інспекцыя, і прыродных рэсурсаў і абароны навакольнага асяроддзя, аддзел статыстыкі. Мы гэта абмяркоўваем. Есць прапановы наконт тэхнічнага персаналу, вадзіцеляў, яны пакуль ўваходзяць у штат выканкамаў…”
Затое у Брэсцкім аблвыканкаме ўносяць свае прапановы па скарачэнні. Па разліках мясцовых чыноўнікаў, пад агонь павінны трапіць… міністэрствы:
“У нас, можа, міністэрстваў мнагавата. Можа, іх колькасць будзе зменшаная. Мая пазіцыя такая, чым бліжэй да людзей орган ўлады, тым менш яго трэба скарачаць. Асноўны працэнт скарачэнняў павінен прыпасці на рэспубліканскія органы кіравання”.
Пры гэтым брэсцкія чыноўнікі спасылаюцца на… прэзідэнта. Нібыта, той сказаў наверсе скараціць паболей, а ў нізах — паменей.
“А давайце аблвыканкамы скароцяць і міністэрствы чапаць не будуць! — адказваюць у міністэрстве лясной гаспадаркі. — Калі аблвыканкам робіць такія заявы, што яны бліжэй да народа, а іншыя няведама дзе, гэта іх права. Кожны караскаецца з сітуацыі, як можа. Мы прапанавалі, што ў нас… ўсе людзі неабходныя”.
Мінгандаль спасылаецца на тое, што ў міністэрстве працуе “ўсяго” 122 чыноўнікі, “а функцый многа”. І прапануе нікога не скарачаць:
“Бо дадаваліся функцыі! На нас ўсё — і рэклама, і гандаль, і абарона правоў спажыўцоў”.
І толькі Мінархітэктуры цалкам падпарадкаваны “лёсу”:
“Каментаваць кіраўніка дзяржавы некарэктна. Задача пастаўленая, трэба вырашаць”.
Рашэнне, каго і дзе скараціць, будзе вядомае да канца года.
Вось такія чыноўнікі нам патрэбныя!