"Гарызонт" плануе выпусціць свой планшэт у красавіку

Мінгандаль склаў чарговы спіс тавараў для імпартазамяшчэння на 2013-ы год. Беларусам самім трэба вырабіць 50 тысяч сякер і 120 тысяч парасонаў, 50 тысяч пар канькоў для краіны Лядовых палацаў, 100 тысяч электрафенаў, 50 тысяч пыласосаў.

Напрыклад, за сем месяцаў года Беларусь імпартавала больш за 100 тысяч пыласосаў, амаль на 9 мільёнаў долараў. Ёсць за якія грошы змагацца!


Але больш за ўсе мяне асабіста палохае прапанова наладзіць у краіне за наступны год вытворчасць 20 тысяч аўтамабіляў. Цытую: “аўто высокай канкурэнтаздольнасці — у тым ліку, па коштах ў параўнанні з мадэлямі замежных вытворцаў”.


“Гэта прыблізная інфармацыя! Каб зарыентаваць прадпрыемствы на вытворчасць тавараў. Нам часта тэлефануюць з прадпрыемстваў, раяцца”, — пратэстуюць у Мінгандлі.


У Мінгандлі Еўрарадыё расказваюць, як яны даведваюцца, што беларусам патрэбныя 2 мільёны сонечных акуляраў?


“Спачатку аналізуюцца продажы, імпарт тавараў,  улічваецца попыт. Затым дадзеныя перадаюцца ў Мінгандаль, мы аналізуем і выходзім на канкрэтныя аб’емы. Зразумела, гэта вельмі ўмоўныя лічбы”, — кажа намеснік начальніка ўпраўлення спажывецкага рынку нехарчовых тавараў  Мінгандлю Марына Ліпніцкая.


Пральных машын за сем месяцаў беларусы  завезлі з-за мяжы каля 50 тысяч. Мяркуючы па рэкамендацыях прадаўца бытавой тэхнікі Яўгена, будзем завозіць і  далей.


“Пакупнікі скардзяцца, што пры паломцы “Атлант” вельмі доўга рамантуе машыну, вязе запчасткі аднекуль. Можна за 2,5 мільёны падабраць той жа “Індэзіт”, што на парадак вышэй і прасцей у выкарыстанні, і з большай функцыянальнасцю”, — кажа мне прадавец.


Са спісу даведваемся, што беларусам патрэбныя больш за 100 тысяч планшэтаў.
Не далей як ў 2012 годзе на выставе TIBO-2012 “Гарызонт” анансаваў асабіста распрацаваны планшэт. І дзе ён?


Як тлумачаць Еўрарадыё ў “Гарызонце”, гэта было вывучэнне попыту.Чакаць яшчэ паўгода!


“Мы атрымалі многа станоўчых водгукаў і спадзяемся, гэта будзе канкурэнтаздольны прадукт, і перш за ўсе — у цэнавым дыяпазоне. Пробную партыю плануем запусціць да выставы TIBO-2013”, — кажуць на “Гарызонце”.

Наступная выстава — у красавіку наступнага году.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі