“Гавары праўду!” ідзе на чарговую “нерэгістрацыю”
Гэта будзе ўжо трэцяя спроба грамадзянскай кампаніі атрымаць афіцыйную рэгістрацыю.
Хаця кампанія "Гавары праўду!" не верыць у станоўчае рашэнне Мінюста наконт рэгістрацыі, да самой працэдуры яны рыхтуюцца вельмі сур’ёзна. Для гэтага 13 красавіка і правядуць адмысловы ўстаноўчы сход. Пра гэта карэспандэнту Еўрарадыё паведаміў намеснік лідара кампаніі Андрэй Дзмітрыеў.
Дзмітрыеў: “Мы падыходзім сур’ёзна, мы выконваем усе нормы закона, мы вывучылі з юрыдычнага гледжання ўсе досведы і памылкі — ніякіх праблем юрыдычных узнікнуць не можа. Рашэнне ў Мінюсце можа прыняцца толькі палітычнае, а не юрыдычнае. Адзінае — калі мы якую коску не там паставім. Але і гэта ў выпадку адмовы будзе “коскавае палітычнае рашэнне”.
На сходзе будуць прысутнічаць актывісты кампаніі з Мінска і ўсіх абласцей краіны. На ім павінны прыняць устаноўчыя дакументы, статут, абраць кіраўніцтва арганізацыі.
Нагадаем, першы устаноўчы сход “Гавары праўду!” прайшоў 23 лістапада 2010 года, другі — 18 чэрвеня 2011 года. Абодва разы Мінюст адмовіў “някляеўцам” у рэгістрацыі.