Дрэваапрацоўчыя прадпрыемствы: З пытаннем пра звальненні — да Лукашэнкі

“Адпусцяць — хай сыходзіць, не адпусцяць — павінен працаваць. За парушэнні — на прымусовыя працы. Звольніўся — на прымусовыя працы, і сюды ж працаваць. А то мы дастукаемся да таго, што заўтра пачнуць хадзіць па Барысаве і Мінску з віламі і адзін аднаго калоць", — гаворыць Аляксандр Лукашэнка падчас візіта на “Барысаўдрэў”.

У канцэрне "Беллеспаперапрам" сёння на мадэрнізацыі 9 прадпрыемстваў. Паглядзім, хто з рабочых зможа адтуль звольніцца. На “Рэчыцадрэве” спасылаюцца на Працоўны кодэкс…

“Вы гэтае пытанне задайце таму, хто пра гэта гаварыў, — раяць нам на прадпрыемстве. — Пакуль у нас дзейнічае Працоўны кодэкс”.

Штомесяц адсюль звальняецца каля 15 чалавек. Прычыны: пераезд ці змена месца працы. Але дэфіцыту кадраў няма: прыходзяць новыя. Рабочы ў сярэднім тут зарабляе каля 3 мільёнаў рублёў.

Мадэрнізацыя на “Івацэвічдрэве” ідзе… з 2006 году! Рабочыя зарабляюць крыху больш за 3 мільёны.  А ўтрымаць працоўную сілу можна толькі… падвышэннем заробкаў, упэўніваюць Еўрарадыё на гэтым прадпрыемстве.

“Пакуль у нас дзейнічае адзін для ўсіх закон. У нас звальняецца 10% за год”, — даводзяць на “Івацэвічдрэве”. Але супакойваюць: па размеркаванні ўзялі 20 чалавек. Цікава, ці змогуць яны звольніцца пасля адпрацоўкі. Ці, можа, размеркаваныя назаўжды?

“Гомельдрэў” мадэрнізуюць ўжо чатыры гады, плануюць закончыць да 2014 года. Толькі за п’янства ў гэтым годзе тут звольнілі 96 чалавек. Але на дэфіцыт кадраў не хварэюць… Узялі сотню чалавек паводле размеркавання.

“У нас няма такой праблемы. 80% нашых супрацоўнікаў працуюць пастаянна. Кіраўнік краіны быў у Барысаве і казаў канкрэтна пра гэта прадпрыемства”, — так думаюць на заводзе. Рабочым тут плацяць ад 3 да 6 мільёнаў рублёў…

А вось на магілёўскім дрэваапрацоўчым прадпрыемстве словы кіраўніка краіны ўспрынялі літаральна.

“Калі сказаў не звальняць — не будзем звальняць”, — паабяцалі Еўрарадыё. Але як гэта зрабіць, не тлумачылі.

Пакуль няма адмысловага дэкрэту наконт рабочых дрэваапрацоўчых заводаў на мадэрнізацыі — не можа быць і забароны на звальненне, упэўнівае юрыст Сяргей Зікрацкі:

“У нас існуе Працоўны кодэкс, які дазваляе звальненне. Калі зараз нехта не дазваляе рабочаму звольніцца — гэта ўжо парушэнне кодэксу. А калі прымуць адмысловы дэкрэт, то ён будзе супярэчыць кодэксу. Але дэкрэт у нас вышэйшы за кодэкс. Праўда, ёсць яшчэ міжнародныя нормы, да якіх Беларусь далучылася”, — тлумачыць юрыст.

Невядома, ці сапраўды так страшная мадэрнізацыя, як намаляваў яе кіраўнік дзяржавы.

Фота: by.all.biz

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі