Гомельскія металісты чытаюць верш Янкі Купалы гроўлінгам
Cтыль, у якім запісаная песня "Беларусь", музыкі жартам называюць “Купала-core”.
Песню на верш Купалы “Гэй, наперад!” малады гурт Needlemaze прадставіў падчас прэзентацыі складанкі “Центр Тяжести 6”. Як распавёў Еўрарадыё гітарыст гурта Аляксандр Новікаў, музыкам хацелася, каб песня атрымалася гучнай, драйвовай ды была бліжэй да народа — таму назва з “Гэй, наперад!” была замененая на “Беларусь”, а аранжыроўка пісалася адмыслова “гімнавая”.
Музыкі вызначаюць свой стыль як Nu Metal/Alternative. Пад уплывам амерыканскай музыкі Needlemaze вырашылі праспяваць што-небудзь на беларускай мове. Маўляў, замежнікі роднай мовы сваёй не цураюцца, і беларусам саромецца не варта. Ну а законы ўлюбёнага жанра вымагалі заспяваць Купалу гроўлінгам. Сябры гурта, жартуючы, нават прыдумалі для такой манеры выканання новую назву: “Купала-core”.
Аляксандр Новікаў: “З гэтай песняй з’явілася нейкая разынка. “Беларусь” так на нас паўплывала, што мы ўвогуле вырашылі ў будучым перакласці песні з нашага будучага альбома на беларускую мову і працягваць пісаць толькі на мове. Таму ў будучым будзе выдадзены так званы “рэмэйк” альбома”.
Цяпер музыкі заканчваюць працу над дэбютнай пласцінкай, якая атрымае назву “Игра началась”. Рэліз дыска запланаваны на сакавік, а тры песні з будучага альбома ўжо з’явілася ў суполцы Needlemaze “Вконтакте”. Запланавана, што ў альбом увойдуць 9 песень ды бонус-трэк.
Еўрарадыё прыгадвае, што сваё бачанне купалаўскага “Гэй, наперад!” раней прадставілі гурты Крамбамбуля і IQ-48. Але музыкі Needlemaze сцвярджаюць, што з гэтымі версіямі былі незнаёмыя. А на верш Купалы натрапілі інтуітыўна.