Готыка ці “наваскарынаўскі” стыль: якім будзе шрыфт Мінска?
Еўрарадыё абмеркавала “почырк” сталіцы з дызайнерамі і крыптографамі і… прапанавала свае варыянты.
Стваральнікі брэнда Мінска ў сацсетках прапануюць абраць стылістыку будучага шрыфту сталіцы . На выбар — шэсць варыянтаў пошукавых эскізаў. Да Новага года дызайнеры абяцаюць зрабіць шрыфты для беларускай лацінкі, кірыліцы і рускай мовы.
“Спачатку мы шукалі формы, якія могуць быць найбольш мінскімі. Падставай для часткі варыянтаў была мінская архітэктура. Але не літаральна перадаць форму, а характэрныя адчуванні”, — расказвае Еўрарадыё кіраўнік групы па стварэнні сталічнага шрыфту Аляксей Коваль.
Акрамя яго “мінскі почырк” ствараюць дзевяць чалавек. Праца не аплачваецца.
“Такія неаплачваемыя гадзіны могуць знайсці толькі маладыя спецыялісты. Па-першае, я шукаў тых, хто працуе са шрыфтамі. Але не адмаўляўся ад тых, хто проста мае задаткі і гарыць ідэяй”, — тлумачыць Аляксей Коваль.
Эскізы шрыфтоў ад дызайнераў у групе брэнда Мінска
А пакуль стваральнікі брэнда посцяць у Фэйсбуку надпісы з будынкаў, метро і вокладак ад шакаладак.
Аўтар шрыфту “Statut” па матывах “наваскарынаўскай” гарнітуры Дзяніс Серабракоў у распрацоўцы не ўдзельнічае. А прапанаваныя эскізы называе… несучаснымі.
Дзяніс Серабракаў: "Гэта выключна маё суб’ектыўнае меркаванне, але прапанаваныя варыянты выглядаюць несучасна. Галоўная мэта шрыфта — перадаваць інфармацыю, якая ім набраная. Для гэтага ён мусіць быць максімальна нейтральным. Калі гэта шрыфт, які будзе і на указальніку, і на візітоўцы мэра”.
Яшчэ аднаго крыптографа Андрэя Песіна Еўрарадыё знаходзіць у… Цэнтральнай краме. Яго фірмовыя допісы “зніжкі на 10%” ці “кошт пакунка не ўваходзіць у кошт торта” на цэтліках заўважылі карыстальнікі суполкі Brand Minsk.
Свой арыгінальны почырк Андрэй тлумачыць проста: так зручней пісаць.
“Мне так зручна пісаць, ад рукі пад ухілам. Такі вялікі чорны фламастар, ён абумоўлівае падобную манеру пісання. Тэкст пішацца з разлікам, каб яго магла прачытаць бабуля ці дзядуля з дрэнным зрокам”, — тлумачыць Андрэй Песін.
І прапануе свой варыянт шрыфту з ухілам у готыку і гісторыю.
“Тут трэба выкарыстоўваць нешта са старажытных славянскіх літар. Але не такія складаныя, як у чыстым стараславянскім алфавіце. Можа, нешта падобнае на раннюю готыку”, — кажа Андрэй. І сапраўды, піша “Мінск” паўгатычнымі літарамі.
Прапанова ад Андрэя Пеcіна
Нагадаем, брытанская кампанія Instid стварае брэнд-пакет беларускай сталіцы. Вынікі мусяць быць да Новага году. Чакаем…
Абіраем шрыфты: