Гродзенская моладзь зладзіла Калядкі (фота)
Замест саней – мікрааўтобус. Спяваюць яны не пад вокнамі, а ў дамафон. Іншыя атрыбуты свята – каза, зорка і мех для падарункаў – самыя сапраўдныя.
Хадзіць па дамах на каталіцкае і праваслаўнае Раство гродзенская моладзь пачала яшчэ ў пачатку 1990-х. Тады гэтым займаліся сябры шматлікіх на той час патрыятычных і краязнаўчых клубаў. Больш чым за 20 гадоў змянілася некалькі пакаленняў калядоўшчыкаў, склад групы пастаянна абнаўляецца. Сёлета віншаваць гараджан з Раством пайшло амаль два дзясяткі маладых людзей.
Напярэдадні ўдзельнікі рыхтуюць касцюмы, размяркоўваюць ролі і вучаць песні. Бліжэй пад вечар калядоўшчыкі выходзяць у горад: шпацыруюць па цэнтры, завітваюць у спальныя раёны і прыватныя сектары.
“Мы ходзім да тых, да каго хадзілі раней, каму гэта падабаецца, хто нас запрашае чарговы раз прыйсці. Ходзім да новых нашых знаёмых. Таксама спрабуем грукацца ў любыя выпадковыя дзверы, дзе гарыць святло, дзе нас могуць прыняць, дзе знешне бачна, што людзі могуць святкаваць – па ўпрыгожванні, па сталах, па людзях, якія сядзяць за гэтымі сталамі”, – расказвае Еўрарадыё калядоўшчык з 5-гадовым стажам Юрый Седзянеўскі.
У кожным доме калядоўшчыкі паказваюць цэлую міні-п’есу. Удзельнікі вітаюць гаспадара, гаспадыню і іх дзетак. Затым уступае каза, якая скача, спявае, але раптоўна падае долу. Жывёла кажа, што без пачастунку і падарункаў не здолее падняцца і ісці далей. Козачцы дораць каўбасу, цукеркі і грошы. Сумеснае спажыванне накалядаванага – яшчэ адзін даўні звычай, які захоўваюць гродзенскія калядоўшчыкі.
Юрый Седзянеўскі кажа, што калядаванне – гэта найперш спроба зрабіць свята для сябе і сваіх сяброў. Нашы старажытныя традыцыі гэтаму толькі спрыяюць:
“Каб ты сябе лічыў беларусам, трэба не проста ведаць, як калядавалі, а і трошку рабіць. Не казаць, як ты ведаеш спевы, але спяваць. Ад спеваў, ад сцэнарыяў адчуваеш сябе вельмі прыемна, родна. Натуральна, гэта новыя знаёмыя, гэта значыць – падзяліцца досведам з маладымі людзьмі, якія, як я гадоў 5 таму, глядзеў на гэта ўсё з вялікімі вачыма і мне хацелася пра гэта даведацца”, – падсумоўвае Юрый.