Гродзенскі аблвыканкам набывае чатыры тэлевізары па 1000 долараў
Айчынныя тэлевізары столькі не каштуюць. А як жа праграма імпартазамяшчэння?
“Напэўна, тэлевізар ёсць. Але я ніколі не звяртала ўвагі на гэтыя моманты. У нас у кабінеце няма, таму не задумвалася”, — няўпэўнена расказвае мне супрацоўніца ўпраўлення справамі Гродзенскага аблвыканкама пра тэлевізары з кабінетаў чыноўнікаў.
На сайце дзяржзакупак гэтая ўстанова размясціла план выдаткаў на 2013 год. Там вельмі цікавыя пазіцыі. Напрыклад — чатыры плазменныя тэлевізары агульным коштам 35 мільёнаў рублёў. У доларах — па тысячы за штуку. Нядрэнна. У крамах за гэты кошт можна набыць самы сучасны “Самсунг” альбо “Соні” дыяганаллю 40 дзюймаў. Аналагічны беларускі “Гарызонт” каштуе 400 долараў. На самім прадпрыемстве гавораць, што самы дарагі беларускі тэлевізар у іх каштуе каля 800 долараў. А вось за тысячу долараў айчынны вытворца тэлевізары не прапаноўвае.
На жаль, паразмаўляць з адказным за набыццё тэлевізараў Аляксандрам Баравіком не атрымліваецца. Ён і яго намеснік ці то захварэлі, ці то ў адпачынку.
Кіраўнік ідэалагічнага аддзела Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Кліцуноў расказвае Еўрарадыё, што ў будынку шмат тэлевізараў. Але нават у прыёмнай губернатара стаіць віцебскі “Віцязь”.
“У мяне тэлевізар “Віцязь” у кабінеце. Вось я акурат насупраць яго сяджу. У губернатара, па-мойму, тэлевізара няма. А вось у яго прыёмнай ёсць. Таксама “Віцязь”. Гэта я дакладна ведаю”.
Як даведалася Еўрарадыё, акрамя тэлевізара, Гродзенскі аблвыканкам сёлета “зэканоміць” яшчэ і на ноўтбуках. Іх запланавана набыць 10 штук. Грошай выдзелена ажно 100 мільёнаў. Гэта па 10 мільёнаў за штуку (каля 1150 долараў). Мадэль не ўказаная. Але кошты на звычайныя бюджэтныя мадэлі ноўтбукаў пачынаюцца ад 380-400 долараў. За 1150 ноўтбук таксама можна набыць без праблем. Асабліва калі вам патрэбны ўльтратонкі корпус з металу, альбо звышмагутны працэсар і відэакарта для гульняў. Навошта ўсё гэта чыноўнікам аблвыканкама — таямніца.
“У мяне тэлевізар “Віцязь” у кабінеце. Вось я акурат насупраць яго сяджу. У губернатара, па-мойму, тэлевізара няма. А вось у яго прыёмнай ёсць. Таксама “Віцязь”. Гэта я дакладна ведаю”.