Гродзенскія гісторыкі ў адказ на рэпрэсіі заснавалі прэмію
Узнагароду імя Юзафа Ядкоўскага атрымае прадстаўнік інтэлігенцыі, навуковец, грамадскі дзеяч, які зрабіў значны ўнёсак у вывучэнне гісторыі і культуры Гродна.
Гэта адказ супольнасці гісторыкаў на звальненне дацэнта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту Андрэя Чарнякевіча, паведамляе тэлеканал "Белсат".
Нагадаем, што фарманай падставай для звальнення сталі быццам бы спазненні Чарнякевіча на лекцыі. Аднак калегі перакананыя, што яго звольнілі за ўдзел у працы над падручнікам па гісторыі Гродна “Гродназнаўства”.
Калегі напісалі міністру адукацыі адкрыты ліст у падтрымку Чарнякевіча. Пад ім падпісаліся каля 20 прафесійных гісторыкаў — кандыдатаў і дактароў навук. Прычым гэта гісторыкі не толькі з Беларусі, але і з па-за межаў краіны — Польшчы, Ізраіля.
Падручнік "Гродназнаўства" выклікаў незадавальненне мясцовых уладаў. Прэтэнзіі былі ў тым, што кніга была выдрукаваная ў Польшчы, а таксама — што завяршалася першай паловай 1990-х гадоў.
Фота — svaboda.org