Грузін не здолеў выехаць з сям'ёй у ЕС і парваў пашпарты перад памежнікамі
Грузінская сям'я за некалькі дзён зрабіла тры безвыніковыя спробы выехаць у Еўрасаюз праз Беларусь.
Там мужчына, жанчына і двое іх непаўналетніх дзяцей спадзяваліся атрымаць прытулак. Але без усялякіх разглядаў іх двойчы не пусцілі ў Польшчу, а затым — у Літву.
Як паведамляе БелаПАН, апошняя спроба скончылася інцыдэнтам на літоўскім баку. Беларускія памежнікі ў пункце пропуску "Каменны Лог" прапусцілі грузінскую сям'ю ў бок Літвы. Праўда, іх папярэдзілі, што без віз могуць быць праблемы нават пры тым, што грузіны ехалі для атрыманне прытулку.
Праз нейкі час сям'я вярнулася ў Беларусь з разарванымі на шматкі пашпартамі. Як сказаў бацька, літоўскія памежнікі адмовіліся прымаць іх, заявіўшы, што ўстановы прытулку і міграцыі не працуюць. Знерваваны грузін парваў пашпарты, спадзеючыся, што хоць гэта прымусіць літоўскіх прадстаўнікоў разбірацца ў сітуацыі. Аднак яны сабралі рэшткі дакументаў, склалі іх у пакет і адправілі сям'ю ў Беларусь.
Цяпер грузіны адпраўленыя ў Мінск. Там яны будуць чакаць дакументаў. Ніякія санкцыі да іх не ўжываліся.