“Гуманізм і справядлівасць”: Лукашэнка дараваў малочнікам 571 мільён
На гэтыя грошы "Аршанскі малочны камбінат" плануе набыць тры аўтацыстэрны.
11 жніўня Аляксандр Лукашэнка разам з палітычнымі вязнямі вызваліў 25 прадпрыемстваў і індывідуальных прадпрымальнікаў ад адміністрацыйных спагнанняў. Сярод іх — “Аршанскі малочны камбінат”. Еўрарадыё паспрабавала даведацца, як АМК трапіў у “даравальны” спіс і ад якога штрафу пазбавіў прадпрыемства кіраўнік дзяржавы.
“571 мільён!” — менавіта столькі ў выпадку “Аршанскага малочнага камбіната” каштавалі дзяржбюджэту “прынцыпы гуманізму і справядлівасці”, з якіх адбылася “амністыя”. Такую лічбу назвала Еўрарадыё намесніца дырэктара АМК па эканоміцы і фінансах Святлана Жураўская.
Спагнанне на камбінат наклаў Камітэт дзяржкантролю, які праверыў знешнегандлёвыя кантракты прадпрыемства.
“Нам трапіліся недобрасумленныя партнёры, — працягвае Святлана Жураўская. — Спачатку зарэкамендавалі сябе з добрага боку. Бралі ў нас прадукцыю па перадаплаце, і рэгулярна разлічваліся. Цягам паўгода было 14 паставак — усё нармальна, усё добра”.
Расійскія партнёры ўпэўнілі аршанцаў у сваёй надзейнасці, а пасля папрасілі перагледзець умовы гандлю. Маўляў, давайце адмовімся ад перадаплаты і будзем працаваць па іншай схеме: раніцай — масла, вечарам — грошы.
Святлана Жураўская: “Мы ім адгрузілі масла. А яны з намі не разлічыліся. У выніку, з двух прадпрыемстваў мы дагэтуль грошы не атрымалі. Затое атрымалі штраф за парушэнне тэрмінаў па знешнегандлёвых здзелках”.
Такім чынам, АМК пацярпеў двойчы. Але справядлівасць перамагла. Ці, прынамсі, перамагае. Спагнаннем грошаў з расійскіх прадпрымальнікаў цяпер займаюцца судовыя выканаўцы. А штраф, які наклаў Камітэт дзяржкантролю, адмяніў Аляксандр Лукашэнка.
Як жа на камбінаце скарыстаюцца нечаканым “бонусам”?
“Наша прадпрыемства займаецца перапрацоўкай малака. Пастаўка сыравіны ідзе з 61 гаспадаркі трох раёнаў: Аршанскага, Дубровенскага і Сеннінскага. Свайго транспарту ў нас не хапае — таму прыцягваем транспарт збоку. Каб гэтыя выдаткі паменшыць, плануем на гэтыя грошы набыць 3 аўтацыстэрны для малака”, — распавядае Святлана Жураўская.
Пра тое, чым яны заслужылі дараванне кіраўніка краіны, Еўрарадыё паспрабавала даведацца і ў іншых фігурантаў спісу: “Інтэграла” і “Зеніт-БелОМА”. Аднак за некалькі дзён адміністрацыя мінскага прадпрыемства так і не знайшла часу на тое, каб распавесці Еўрарадыё пра акалічнасці “амністыі”. А бухгалтарка вілейскага завода заявіла, што звесткі, пра якія мы пытаемся, — камерцыйная таямніца.
Еўрарадыё пацікавілася ў Камітэце дзяржкантролю наконт агульнай сумы спагнанняў, якія адмяніў кіраўнік дзяржавы. Але там, на жаль, назваць яе не здолелі.
“Такой лічбы ў мяне няма”, — паведаміў нам прэс-сакратар КДК.
“Аршанскі малочны камбінат” — адно з самых буйных прадпрыемстваў, згаданых у “амністыі” 11 жніўня. Напэўна, штрафы, ад якіх выратаваліся астатнія 24 прадпрыемствы, меншыя. Але дакладна можна сцвярджаць, што гаворка ідзе пра некалькі мільярдаў рублёў.