Гурт "Ы.Ы.Ы." адрадзіўся, каб адкрыць выставу Васі Шугалея

111108 Malina 6ugalej.mp3

Год таму студыя “Осмас” пад кіраўніцтвам Паўла Юрцэвіча некаму нагадала, а некага пазнаёміла з асобай Васі Шугалея. Гаворка ідзе пра шыкоўны трыб’ют памяці Васі, які доўга рыхтаваўся і выйшаў у выглядзе трайнога дыску. Сёлета Юрцэвіч вырашыў паказаць свету іншага Васю – мастака. І вось у галерэі “Ў” адкрылася выстава графічных работ Шугалея “20 000 запальнічак”.

 “Я б сказаў, што гэта блізка да нейкага класічнага накірунку – такая графіка вельмі цікавая, - характарызуе выставу Шугалея дызайнер Уладзімір Сварцэвіч. - Яна, вядома, у пэўным сэнсе мае адпаведны нерв, свой, але цалкам можна было б гэта бачыць у музейных зборах. Праўда, можа быць, не нашага музею. Гэта такі еўрапейскі ўзровень, на мой погляд”.

Для прэзентацыі выставы Шугалея Павел Юрцэвіч, былы калега мастака па гурце “Ы.Ы.Ы.”, каб падкрэсліць шматграннасць асобы Васі, прыдумаў ні многа, ні мала, а адрадзіць “Ы.Ы.Ы.”. У ролі вакаліста легендарнага гурта выступіў Аляксандр Памідораў.

Аляксандр Памідораў: “Паўтарыць Васю немагчыма! І таму гэта даволі адказная штучка – гэта не проста выкананне, гэта нейкі вобраз, нейкі ўзор, нейкі чалавек. Пры тым, што Вася заўжды прадстаўляў некалькі персон на сцэне. Тут можа быць дапамагло хаця б тое, што я памятаю канцэрты “Ы.Ы.Ы.” і як гэта было, і мы былі знаёмыя з Васем”.

 Павел Юрцэвіч

Падзея сабрала ўвесь мінскі бамонд, які проста “вішчэў” ад запальваючых рытмаў і пікантных тэкстаў песень Шугалея. А гурт “Ы.Ы.Ы.” выступіў настолькі добра, што большасць прысутных падумала пра рэюніан каманды.

 Я не ведаю, наколькі можна казаць пра рэюніан, бо самая цяжкая стадыя – тое, што няма з намі Васі, - кажа Аляксандр Памідораў. - І даволі складана сказаць, ці згадзіўся б Вася аднаўляць “Ы.Ы.Ы.”. Але мне, як чалавеку, звязанаму з тым, што завецца шоў-бізнес, падаецца, што яшчэ пара-тройка канцэртаў нават і з гэтай праграмай не пашкодзіла б. Бо гэта вельмі цікавая штука”.

Падобнага меркавання прытрымліваецца і цяперашні клавішнік “Ы.Ы.Ы.” Макс Івашын.

 Макс Івашын: “Тэма, я прашу прабачэння за такі выраз, “п…дастраданія” - яна будзе актуальная заўжды. Можа яе трэба рэінкарніраваць па-іншаму зараз. Але чаго б мне не хацелася, каб гэта ўсё скончылася адным канцэртам. Вядома, гэта адмысловая падзея, гэта ўсё робіцца дзеля адкрыцця гэтай выставы і г.д. Але асабіста мне было б цікава нешта парабіць, зразумела, хіба што не пад назвай “Ы.Ы.Ы.”, але ў гэтым складзе далей. Бо шкада намаганняў. Я лічу, атрымалася нават вельмі няблага”.

Макс Івашын

Арыгінальны гітарыст “Ы.Ы.Ы.” Артур Гапановіч, як і ўсе наведвальнікі прэзентацыі выставы, застаўся досыць задаволены здзейсненым.

 Артур Гапановіч: “Рэінкарнацыя гурта “Ы.Ы.Ы.” прайшла, я думаю, паспяхова. То бок, сабраліся музыкі, хлопцы, дзяўчаты. Атрымалася вельмі добра, мне падаецца, гэта скажа кожны музыка. А наконт таго, ці будзе працяг, скажу так: у жыцці ўсё магчыма!”

У якім амплуа з’явіцца перад намі Вася Шугалей у наступным годзе, ведае, хіба, толькі Павел Юрцэвіч. Нешта не верыцца, што на трыб'юце, выставе і адраджэнні “Ы.Ы.Ы.” усё скончыцца. У любым выпадку, кажа культуролаг і сябра Шугалея Максім Жбанкоў, “у Васі ўсё наперадзе”.

Максім Жбанкоў: “Шугалей – гэта нявыкананы абяцанак, гэта няздзейсненая перспектыва, гэта чарнавікі, якія не пераўтварыліся ў тэксты. А таму здаецца, што ў Шугалея заўсёды ўсё наперадзе, таму што ён нічога не паспеў скончыць”.


У першай палове 1990-х Васіль Шугалей быў добра вядомы ў мінскай музычна-авангарднай тусоўцы. Ён стварыў уласны праект “Ы.Ы.Ы.”, кожны выступ якога суправаджаў правакацыямі і розыгрышамі. На канцэртах Вася чытаў хуліганскія вершы, сам ілюстраваў сваю паэзію і альбомы, ладзіў авангардныя выставы, чым заўсёды прыцягваў увагу публікі. Калі Шугалей пераехаў у Маскву, ён прадзюсаваў такія папулярныя зараз гурты, як "Ляпис Трубецкой", "Запрещенные барабаншики" і "Би-2", а таксама прасоўваў іншыя беларускія каманды на расійскі рынак. Ён напісаў шмат песень для расійскіх зорак, але самай папулярнай апынулася кампазіцыя “Ветер знает, где меня искать…” у выкананні гурта “Браво”. Пазней праект “Ы.Ы.Ы.” трансфармаваўся ў гурт "20000 зажЫгалок", якую ведалі аматары андэграўнду не толькі ў Маскве, але і па ўсім былым Саюзе. Музыкі запісалі першы альбом "С днем рождения меня" і планавалі другі. Але 7 сакавіка Вася Шугалей быў знойдзены мёртвым у сваёй маскоўскай кватэры, яго задушылі дротам ад камп’ютара. Музыка-авангардыст быў пахаваны на могілках у Калодзішчах.


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі