ХК “Металург”: Хакеістаў бяром з нізоў, у нас яны дарастаюць да зборнай

Жлобінскі “Металург” перамог у хакейным чэмпіянаце Беларусі мінулага года і ўпэўнена крочыць да фіналу сёлета. Каманда гуляла на роўных з некаторымі клубамі КХЛ.

Лядовы палац “сталёвых ваўкоў” лічыцца адным з самых талковых у краіне, а да яго прымыкае гатэль бізнэс-класа, кавярні і рэстараны. 

Распранальні для дзіцячых і дарослых каманд “Металурга” ўнутры палаца выглядаюць,  як у амерыканскіх фільмах пра хакеістаў, а тутэйшай трэнажорнай зале некалі пазайздросціў колішні трэнер “Вашынгтон Кэпіталз” і зборнай Беларусі Глен Хэнлан.   

 

Дырэктар “Металурга” Дзмітрый Цыкуноў, пазіраючы ў акно свайго кабінета, паказвае будоўлю, якая прымыкае да Лядовага палаца. Праз нейкі час тут паўстануць новая трэніровачная пляцоўка і спартовы гатэль для дзяцей.  Відаць, што “сталёвых ваўкоў” у 80-тысячным Жлобіне забяспечваюць па поўнай праграме.

Еўрарадыё: Ці сапраўды сярэдняя зарплата вашага хакеіста 10,2 тысячы долараў?

Дзмітрый Цыкуноў: Самі гульцы жартуюць з гэтай лічбы. А я, згодна свайму службоваму становішчу, не магу вам назваць памеры зарплат гульцоў. Але патлумачу сітуацыю так. Ёсць паняцці: кантракт і заробак. Выплаты па кантракце могуць складаць і тысячу долараў у месяц. Але гулец выступае ў камандзе і праводзіць, скажам, восем матчаў на месяц. З іх выйграе сем. Атрымлівае прэміяльныя: напрыклад, па 300 долараў за гульню. Такім чынам, заробак хакеіста складаецца з той тысячы і прэміяльных. Вось і лічыце. А хакеіст больш слабай каманды мае тыя ж грошы па кантракце, але няма перамог. Вось вам і розніца ў заробках. Калі б у нас каманда прайгравала, гульцы б таксама шмат не зараблялі. Таму многія ад нашых умоў працы адмаўляюцца.

Еўрарадыё: Няўжо? “Металург” многія лічаць самым заможным клубам.

Дзмітрый Цыкуноў: Улетку ў СМІ агучвалася інфармацыя, што наша каманда прапанавала Развадоўскаму кантракт на 15 тысяч долараў. І калі прыйшоў тэрмін падпісваць паперы, Развадоўскі апынуўся ў “Юнацтве”. Супрацьлегласць атрымліваецца. Поспехі “Металурга” ― гэта не толькі гульня бюджэтаў.

Еўрарадыё: У чым тады сакрэт поспеху вашай каманды?

Дзмітрый Цыкуноў: Безумоўна, калі б Беларускі металургічны завод (тытульны спонсар “Металурга”, ― заўв. Еўрарадыё) ставіўся да клуба па-іншаму, у нас была б такая ж сітуацыя, як у “Брэсце”, “Хіміку-СКА”, “Віцебску”. БМЗ ― брэнд міжнароднага ўзроўню. І мець каманду, якая б плялася ў хвасце ― гэта не ў іх правілах. Калі ў 2006 годзе стварылі “Металург”, паставілі мэту: выйсці на першыя пазіцыі. Збудавалі палац, для каманды закупілі ўсё належнае абсталяванне: ад камфортных шафаў у распранальнях да медабсталявання, з мініаперацыйнай, крыяпрыладай,  усімі неабходнымі трэнажорамі. Калі прыязджаюць зборнікі і трэнеры, яны здзіўляюцца: вось тут умовы!

Але калі ўзяць наш склад па прозвішчах, то зорак у нас няма. Цяпер маем роўны склад, без гучных імёнаў.

Еўрарадыё: Але ж ёсць хакеісты нацыянальнай зборнай…

Дзмітрый Цыкуноў: Так, галкіпер Мільчакоў гуляў некалі ў Брэсце і прапускаў тры з паловай шайбы за гульню. Але трэнер у яго паверыў, і сёння Мільчакоў ― галкіпер зборнай. Той жа Казнадзей некалі не быў патрэбны “Юнацтву”. Мы яго забралі сабе ў фарм. Сёння Казнадзей ― абаронца зборнай. Андрушчанку, нашаму найлепшаму бамбардзіру, два гады таму сказалі ў “Юнацтве”: “Ты нам не патрэбны, ідзі”. Сёння ён найлепшы бамбардзір “Металурга”. У нас і іншыя хакеісты адкуль? Каштанаў ― з Віцебска. Камароў ― з Наваполацка. Дашкоў ― з Брэста. У асноўным гульцы бяруцца з каманд, якія ў ніжняй палове турнірнай табліцы. І за год-два яны пераўтвараюцца ў гульцоў. Дык што ўплывае на поспехі каманды ― зарплата ці стаўленне да справы?

Еўрарадыё: А ці хацелі б набыць кагосьці з вашых гульцоў клубы КХЛ?

 

Дзмітрый Цыкуноў: Апошні прыклад ― Мікіта Восіпаў. Два месяцы правёў у “Сібіры”. Мы яго проста аддалі. Але там у яго не пайшло. Ён вярнуўся. Вы зразумейце, што ў Расіі нашы хакеісты ― легіянеры. Клубы КХЛ часцей бяруць гульцоў з топавых зборных ― фінаў, шведаў, чэхаў і славакаў. А многія беларусы гуляюць таму, што маюць двайное грамадзянства. Прыклады: Мезін, Дзямагін, Коваль, Стасенка. А чыстаму беларусу туды трапіць вельмі складана.

Еўрарадыё: Футбольнае БАТЭ таксама ўзрошвае моцных гульцоў з малавядомых беларускіх футбалістаў. Адрозненне ў тым, што барысаўскія футбалісты гуляюць у звышпрэстыжнай Лізе чэмпіёнаў, аМеталургу”, атрымліваецца, і ўдзельнічаць на міжнароднай арэне асабліва няма дзе.

Дзмітрый Цыкуноў: Наша каманда маладая. Досведу выступленняў на міжнароднай арэне не было. Але выйшлі ў суперфінал Кантынентальнага кубка, дзе занялі другое месца. Адзіны дасведчаны гулец быў галкіпер Лёня Грышукевіч. Усе астатнія ― максімум “маладзёжка”. Выканалі задачу, занялі другое месца. Прайгралі клубу КХЛ “Данбасу” з лікам 0:1. У складзе сапернікаў толькі два ўкраінцы гулялі, усе астатнія ― хакеісты з краін топ-васьмёркі. Перамаглі на тым турніры французскі Руан, які за сезон да гэтага абыграў і “Юнацтва”, і “Данбас”. Таксама перамаглі італьянскі “Бальцана”, які не пусціў у суперфінал чэмпіёна ВХЛ. Сёння мы імкнёмся выйграць Кантынентальны кубак. Таксама не першы год вядуцца размовы пра стварэнне клубнага турніру кшталту хакейнай Лігі чэмпіёнаў. Расійскія клубы, са сваёй КХЛ, аддзяляюцца. Але ў Еўропе сярэдні ўзровень хакея дабротны, від спорту развіваецца.

Еўрарадыё: Вы сталі сведкам дэградацыі экстралігі. З-за чаго гэта здарылася? Як лічыце, справа ў “Дынама-Мінск”, якое выцягнула на сябе велізарныя рэсурсы?

Дзмітрый Цыкуноў: Гэта быў ланцужок працэсаў. Калі “Дынама” трапіла ў КХЛ, туды пайшлі гуляць моцныя хакеісты ― Кулакоў, Мялешка, Стась. Потым пачалі ўводзіць ліміты (сёння ў экстралізе гуляць можа не больш за 7 хакеістаў, старэйшых за 28 год. Таксама дзейнічае ліміт на легіянераў: не больш за чатыры замежнікі ў камандзе, ― заўв. Еўрарадыё). 

Еўрарадыё: У чым, на вашу думку, шкоднасць узроставага і легіянерскага лімітаў?

Дзмітрый Цыкуноў: 29 год для прафесійнага спорту ― гэта ўзрост, калі гулец толькі асэнсоўвае, чаго дасягнуў, і што можна змяніць. А для экстралігі ― гэта ўжо пенсіянер. У той жа час  малады пацан толькі нешта паказаў, і яго бяруць у аснову. Малады хакеіст, каб патрапіць у асноўны склад, павінен гэта месца заваяваць. Ён павінен біцца.

Калі ў нас у 2008-2009 гадах гулялі латышы Масальскіс і Рэдліхс, якія сёння выступаюць у КХЛ, нашы маладыя на іх навучаліся. Замежнікаў не трэба было прымушаць. Рэдліхс ведаў, што яму неабходна адпрацаваць кідок. Ён сам браў вароты, ішоў у кут і шпуляў шайбу. Трэнер не стаяў над душой. Глядзім: нашы маладыя з фарма стаяць і гэтак жа шпуляюць шайбу. Цыпуліс прыходзіў у трэнажорны зал. Глядзім: праз нейкі час маладыя там самі сядзяць, без прымусу. 

Зараз Скабелка распавядае, як у Гомель прыехаў Афанасенкаў ― уладальнік Кубка Стэнлі. І моладзь ходзіць і глядзіць, як ён размінаецца, як настройваецца на матч.

Еўрарадыё: Ці ёсць сэнс, на вашу думку, накіроўваць 25% бюджэту на развіццё дзіцяча-юнацкага хакея?

Дзмітрый Цыкуноў: Мы робім стаўку на будучае пакаленне, гэта адзін з найважнейшых момантаў у канцэпцыі “Металурга”. Не ведаю, як іншыя клубы робяць справаздачы ў дзяржорганы, але мы рэальна выдзяляем на дзіцяча-юнацкі хакей 25%. Гэта форма, зарплата трэнераў. Пяці ўзростам мы забяспечваем у поўным аб’ёме ўдзел у першынстве Беларусі. Акрамя гэтага, цалкам пакрываем удзел каманд у турнірах на тэрыторыі Расіі, каб рос узровень. Любыя выдаткі: дарога, пражыванне, харчаванне. Мы павінны ўсё гэта забяспечваць. Не кожныя бацькі могуць купіць канькі за 300 долараў. А таленавітыя дзеці могуць быць у кожнай сям’і.

Еўрарадыё: А колькі зарабляюць вашы дзіцячыя трэнеры? У адным з матэрыялаў мы расказвалі, што маладым хакейным спецыялістам прапаноўваюць усяго да двух мільёнаў рублёў.

 

Дзмітрый Цыкуноў: Трэнеры працуюць у школах на бюджэтнай аснове. Таму маюць тую ж зарплату ― каля двух мільёнаў. Але клуб ім даплачвае прыкладна па 400 долараў. Але ў нас даплата такая можа быць не кожны раз. Не выконваеш паказчыкі, прэміяльныя змяншаюцца. Ці наадварот павялічваюцца, калі ёсць дасягненні. Даплата таксама была не адразу.

Ёсць такія трэнеры, якія на голым акладзе даюць вынік і праз год зарабляюць у разы больш. З іншага боку, з-за невялікіх зарплат многія з беларускіх спецыялістаў з’язджаюць. У Гомелі была моцная школа трэнераў. Ім рабілі прапановы з Расіі, і яны з’ехалі.

Еўрарадыё: Многія пагаджаюцца, што беларускі хакей ― у прорве. Як яго вярнуць на нармальны ўзровень?

Дзмітрый Цыкуноў: Магу выказаць сваё меркаванне. Па зборнай: трэнерскаму штабу трэба даць магчымасць папрацаваць не год, не два, а пэўны прамежак часу. За год немагчыма сфармаваць каманду. Не трэба шарахацца ад аднаго спецыяліста да другога, бо ў выніку сістэма не выстройваецца. Па клубным чэмпіянаце я выказаўся: ліміты трэба прыбіраць.  І ў першую чаргу для добрай будучыні павінна ісці падтрымка дзіцячага хакея.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі