Хто і колькі зарабляе ў Беларусі (+табліца самых бедных раёнаў)
Медсястра дагнала настаўніка, дрэваапрацоўка “дацягнула” да 460 долараў, а праграмісты за месяц дадалі да свайго сярэдняга заробку 3 мільёны!
Белстат “падбіў грошы” за снежань 2012 года. Сярэдні заробак па краіне склаў амаль 550 долараў — гэта 4 мільёны 741 тысяча рублёў. Карыстаючыся звесткамі з сайта статыстычнага ведамства, Еўрарадыё размеркавала працу беларусаў па заробках: ад самай таннай да самай высокааплатнай:
Сярэднія заробкі за снежань 2012 года:
Сярэдні заробак за снежань 2012 года |
Род дзейнасці, прафесія |
<3 мільёнаў рублёў |
Сацыяльныя паслугі (2,745 млн.) |
3-3,5 мільёна рублёў |
Сельская гаспадарка, паляванне (3,324 млн.), жывёлагадоўля (3,394 млн.), лясная гаспадарка (3,396 млн.), рамонт бытавых вырабаў і прадметаў асабістага карыстання (3,403 млн.) |
3,5-4 мільёны рублёў |
Медыцынскі персанал (3,594 млн.), настаўнікі (3,671 млн.), тэкстыльная і швейная вытворчасць (3,727 млн.), дрэваапрацоўка (3,953 млн..), водны транспарт (3,955 млн.) |
4-4,5 мільёна рублёў |
Вытворчасць абутку (4,003 млн.), вытворчасць апаратуры для радыё і TV (4,301 млн.) |
4,5-5 мільёнаў рублёў |
Здабыча вугалю (4,846 млн.) |
5-5,5 мільёна рублёў |
Страхаванне (5,213 млн.), харчовая вытворчасць (5,242 млн.), будоўля (5,567 млн.) |
5,5-6 мільёна рублёў |
Выдавецкая дзейнасць (5,766 млн.), вытворчасць аўтамабіляў (5,845 млн.) |
6-6,5 мільёна рублёў |
Чыгуначнікі (6,021 млн.), дактары (6,027 млн.), выкладчыкі ВНУ (6,377 млн.) |
6,5-7 мільёнаў рублёў |
Радыёвяшчанне і тэлебачанне (6,979 млн.) |
7-7,5 мільёна рублёў |
Здабыча паліўна-энергетычных карысных выкапняў (7,236 млн.), хімічная вытворчасць (7,334 млн.) |
7,5-8 мільёнаў рублёў |
- |
>8 мільёнаў рублёў |
Паветраны транспарт (9,258 млн.), нафтавая вытворчасць (10,030 млн.), фінансавае пасрэдніцтва (10,342 млн.), праграмісты (13,608 млн.) |
Менш за ўсё — 320 долараў — у Беларусі плацяць за сацыяльныя паслугі. Гэта адзіная сфера дзейнасці, сярэдні заробак у якой складае сёння менш за 3 мільёны рублёў.
На 600 тысяч больш зарабляюць калгаснікі і паляўнічыя. У адной абойме з імі жывёлаводы, егеры і майстры з Дамоў быту. Усе яны зарабляюць каля 400 долараў.
Настаўнікі і медперсанал атрымліваюць амаль пароўну: у сярэднім — у раёне 420 долараў. Пры гэтым яшчэ ў лістападзе сярэдні заробак у лякарнях быў на 340 тысяч ніжэйшы! Побач з імі “прыгонныя” рабочыя дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў. На хвалі мадэрнізацыі іх снежаньскі заробак узняўся амаль да 460 долараў.
Самы блізкі да сярэдняга па краіне заробак атрымліваюць у вугальнай прамысловасці. За здабычу вугалю, лігніту і торфу ў Беларусі ў сярэднім плацяць 4,8 мільёна рублёў ($560).
Заробак, вышэйшы за сярэдні, атрымліваюць транспартнікі, нафтавікі, прафесура. Усіх не пералічыць. А рэкардсменамі — з вялікім адрывам — па-ранейшаму застаюцца праграмісты, якія з лістапада прыбавілі больш за 3 мільёны рублёў! Параўнайце 10 мільёнаў 392 тысячы сярэдняга заробку за лістапад і 13 мільёнаў 608 тысяч за снежань.
IT-сферу ў статыстычным ведамстве дагэтуль называюць “дзейнасць, звязаная з вылічальнай тэхнікай”. Але вылічальная тэхніка — гэта і касавы апарат, і звычайны калькулятар! Сярэдні заробак тут самы высокі: 13,6 мільёна рублёў. Касіры пра такі нават не мараць!
Таксама Белстат паведамляе сярэднія заробкі за студзень-лістапад 2012 года па беларускіх рэгіёнах. Танней за ўсё цягам мінулага года праца каштавала ў Браслаўскім раёне. Сярэдні заробак — 2 мільёны 508 тысяч рублёў. Сярэдні заробак ніжэйшы за 300 долараў атрымлівалі ў студзені-лістападзе 2012 года ў 13 раёнах Беларусі.
10 самых бедных раёнаў Беларусі, студзень-лістапад 2012 года:
Раён |
Сярэдні заробак (у тысячах рублёў) |
Браслаўскі |
2 508,3 |
Кармянскі |
2 523,0 |
Лоеўскі |
2 529,6 |
Шумілінскі |
2 532,6 |
Краснапольскі |
2 534,9 |
Мсціслаўскі |
2 535,2 |
Слаўгарадскі |
2 537,8 |
Столінскі |
2 561,0 |
Хоцімскі |
2 568,2 |
Шаркоўшчынскі |
2 575,4 |
Самы багаты раён Беларусі — Мінскі, там са студзеня па лістапад 2012 года зараблялі ў сярэднім 4,3 мільёны рублёў. Амаль на 200 тысяч меншыя заробкі ў Жлобінскім і Рэчыцкім раёнах.
А горадам-марай з самымі высокімі сярэднімі заробкамі ў 2012 годзе была зусім не сталіца, а… Наваполацк: амаль 4,8 мільёна рублёў! І ўжо за ім ідуць Мінск і Жодзіна.
Фота: "Народныя навіны Віцебска".