Хто і як падзеліць беларусаў на бедных і заможных, каб плаціць камуналку?
Колькі адсоткаў жыроўкі будзе аплачваць беларус з заробку 500 долараў?
Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заўважае, што багатыя беларусы маглі б плаціць 120-150% за камуналку, а бедныя — 25-30%.
Еўрарадыё вырашыла даведацца: 500 долараў — гэта ўжо беларус заможны, ці не?
Перш-наперш званю ў разлікова-даведачныя цэнтры сталічных ЖЭСаў. Яны бліжэй да народа.
“Магчыма, будзеце прыносіць даведку аб заробках, збіраць дакументы. Маламаёмасным сем’ям будуць давацца субсідыі”, — кажуць у разліковым цэнтры ЖЭСаў № 13, 20, 27 і 38.
Куды бегчы з гэтай даведкай і ў якую катэгорыю беларусаў можна патрапіць у разлікова-даведачным цэнтры, само сабой, не ведаюць. Нават БелТА піша, што “сістэма ўліку даходаў патрабуе выдаткаў, якія звядуць на не ўсе надзеі на эканомію бюджэта”.
Вось і ў разлікова-даведачным цэнтры ЖЭСаў № 70, 73, 99 прапанову прэзідэнта ўспрымаюць зусім без энтузіязму:
“Нам як скажуць, так і будзем рабіць. Але я не згодна. Вось вада: мала таго, што лічыльнікі нам паставілі, дык яшчэ і ліміт вызначылі! Алкаголік не працуе нідзе, з ранку свабодны, нервы не вымотвае — ён маламаёмасны, яму трэба дапамагаць. Але палітыка такая — багаты цягне беднага. Выбары прайшлі, вы вось дэпутатам задайце гэта пытанне!”
Энергазбыт па-свойму трактуе выказванні кіраўніка краіны:
“Зараз гэта абмяркоўваем! Разглядаем спосабы аплаты з 1 студзеня: паступова ці дыферэнцыравана. Дыферэнцыравана — гэта ў залежнасці ад даходаў. Будзе льготная норма святла, за якую будзем плаціць па льготных тарыфах. Звыш гэтага будзем аплачваць па эканамічна абгрунтаваных тарыфах. Хто зможа сабе дазволіць больш траціць, той і будзе. Будзеце карыстацца святлом з аглядкай на свае заробкі”.
Але тут ёсць хоць якая яснасць: тое, што звыш нормы — удвая даражэй. Не зарабляеш — мый уручную і сядзі пры свечцы.
А як астатняя камуналка: хто багаты, хто бедны? Пытаюся пра гэта ў Мінпрацы, ці магу я лічыцца багатай пры заробку ў 500 долараў:
“Хто атрымлівае 30 мільёнаў і лічыць, што гэта мала, а хто 300 долараў — і нармальна. Я сама не ведаю, багатая я, ці бедная!”.
У Міністэрстве ЖКГ на пытанне пра 500 долараў рэагуюць нервова, як на аварыю:
“Што прымуць, тое і будзеце рабіць! Гэта пакуль абмяркоўваецца!”, — не вытрымлівае сакратар у прыёмнай намеснікаў міністра Жыллёва-камунальнай гаспадаркі і кідае трубку.
Чыноўніца з Мінпрацы: Я нават не ведаю, бедная я, ці багатая!”.
Дарэчы, колькі часу таму кіраўнік дзяржавы казаў пра тое, што і гастарбайтары павінны плаціць 100% за камуналку. Але далей размоў справа не пайшла.