Ідэолаг: Жыццё — штука няпростая
Ідэолагі раяць беларусам больш глядзець тэлевізар, а таксама памятаць, што маўчанне — золата.
Еўрарадыё даведалася, з чаго складаецца працоўны дзень ідэолага ў Беларусі сёння і як яны дапамагаюць беларусам перажыць крызіс.
Ці стала больш працы ў беларускіх ідэолагаў падчас крызісу? Відавочна, што сёння для гэтых людзей часы насталі няпростыя. Датэлефанавацца ў аддзел ідэалогіі выканкамаў — задача амаль нерэальная. Шмат дзе проста не здымалі слухаўку.
З ідэолагам прадпрыемства "Аквадыў" пагаварыць не атрымалася, бо, як паведамілі Еўрарадыё ў прыёмнай, у яго ў кабінеце няма тэлефона!
А ў аддзеле ідэалогіі Светлагорскага райвыканкаму, калі даведаліся, пра што мы хочам пагутарыць, адказалі: "Нууу…" — ды кінулі трубку. І больш не здымалі.
Ідэолага прадпрыемства "Камволь" мы злавілі амаль у самых дзвярах, калі яна збягала на "ўрачыстае мерапрыемства".
"Гэта нашая штодзённая праца", — паведаміла Еўрарадыё ідэолаг "Камволя", — "тлумачыць людзям сённяшнюю сітуацыю, нарматыўныя дакументы, якія прынялі ў дзяржаве, ды інш".
Пра тое, што менавіта кажуць людзям, Еўрарадыё расказаў адзін з ідэолагаў райвыканкаму, які пажадаў застацца невядомым.
Ідэолаг: "Мы штодня размаўляем з людзьмі. Як бы я ні хацеў, я выходжу на працу, іду па дарозе, сустракаюся з людзьмі. Выходжу пасля працы… Падчас працы пастаянна ўвесь час размаўляю з людзьмі. Як сам разумею, тое і гавару".
Еўрарадыё: "І што вы ім кажаце?"
Ідэолаг: "Што гавару, тое і гавару. Жыццё — штука складаная, вось што я гавару. Не ва ўсіх яно такое цудоўнае… Праблем усюды хапае, ва ўсіх рэгіёнах нашага зямнога шарыка".
Як даведалася Еўрарадыё, сёння адзін з прынцыпаў працы ідэолагаў — гаварыць як мага менш.
"Як у народзе кажуць, маўчанне — золата! Ну што сёння зрабіць? Выйсці і сказаць: "Людзі – гэта часова…?".Спачатку трэба зразумець, што сказаць. Але сёння гэта не так проста.
Спяшацца я б ніколі не стаў, бегчы і казаць — ты тое не купляй, гэтага не рабі… Тым больш псіхалогія чалавека такая, што калі яму кажаш: "Не купляй", — то ён ідзе і купляе. А скажы "Купляй", — дык бярэш на сябе такую адказнасць, што потым ён скажа табе: "Ну ты ж сказаў "купляй", а купляць не трэба было!".
У Мінску з людзьмі працуюць гэтак жа сама, як і ў рэгіёнах. І ўвогуле наша ідэалогія — усім вядомая, кажуць у галоўным упраўленні па ідэалагічнай працы Мінгарвыканкама:
"Як працавалі, так і працуем. Працуем з насельніцтвам, з людзьмі па месцы жыхарства, у працоўных калектывах".
Еўрарадыё: "Што кажаце?"
"Вы ж чуеце пра гэта па тэлебачанні. Вось учора прэзідэнт расказваў сітуацыю, яшчэ раней была нарада".
Як праходзіць працоўны дзень ідэолага? "Я магу прыняць чалавека ў любы дзень і час", — расказаў Еўрарадыё ідэолаг раённага цэнтру, які назвацца адмовіўся.
“Як і паўсюль, у нас ёсць прыёмныя дні, учора выязджалі, былі ў сельсавеце, ідзе жывая гутарка. Таму проста сказаць, што прыйшоў і чакаю, калі да мяне прыходзяць людзі — гэта не так. Ёсць дні, калі выязджаем у канкрэтныя населеныя пункты. І вядома, жывая гутарка. У мяне вісіць на дзвярах таблічка з прыёмнымі гадзінамі, але я магу прымаць у любы дзень і любы час, калі гэты людзям трэба”.
На пытанне Еўрарадыё, ці верыць ён сам, што крызіс хутка скончыцца, наш суразмоўца сказаў: "Так!" — і параіў больш глядзець тэлевізар.
"Я патрыёт сваёй радзімы. Я шмат дзе бываў, але калі вяртаюся ў Беларусь, то тут заўсёды на душы цяплей і весялей. Як бы тут цяжка ні было. Магу нават сентыментальна пусціць слязу.
І калі хтосьці пачынае гаварыць, што ў нас дрэнна, я заўсёды прапаноўваю хаця б пару дзён уважліва паглядзець тэлевізар”.