ili-ili напісалі “list” блізкім, Bоsaesonca — канцэптуальны “Залаты альбом”
Музыкі прэзентавалі свае “навінкі” у межах “Жывога Тузіна”.
“Я сёння ехаў у машыне і слухаў радыё. А там кажуць, што зараз будзе беларускі гурт. А яны па-англійску спяваюць. Напэўна, прыгожа, але я не разумею, пра што яны пяюць. Дык мне, што Шакіра пяе, што наш беларускі гурт… Ан вус контрол, бадзін ін соўл. Усё”, — абураецца ўдзельнік ili-ili Зміцер Есяневіч. І дадае, што хоча, каб песні з новай беларускамоўнай праграмы гурта “list” гучалі па радыё.
Дарэчы, “list” ствараўся ў Францыі, дзе ўдзельнікі гурта і акцёры Купалаўскага тэатра гастралявалі. У параўнанні са свежаспечаным дэбютнікам каманды, “Past Perfect”, беларускамоўны “list” атрымаўся больш жывым і зразумелым.
“Па сэнсе ўсё проста. Песні дыктуюць свой настрой, — распавядае музыка ili-ili Міхаіл Зуй. — Можна сказаць, што творы з “Past Perfect” — яны пра мінулае, пра стан, калі ты знаходзішся адзін, на самоце. А гэтыя песні — гэта калі ты недзе, а твае блізкія тут. У гэтай струне шмат песень прыдумалася. І, нарэшце, у нас з’явіліся вясёлыя песні”.
Дэбютаваў “list” ад ili-ili у межах праекту “Жывы Тузін”. Музыкі плануюць у хуткім часе запісаць беларускамоўную праграму. Праўда, пакуль ім трэба ў яе ўжыцца, уіграцца, увайсці і зрасціся, каб усё гучала гэтак жа натуральна, як гэта атрымалася ў каманды з моцным дэбютнікам “Past Perfect”.
Яшчэ аднымі героямі чарговага “Жывога Тузіна” сталі “Bоsaesonca”. Музыкі, якія нячаста радуюць сваіх прыхільнікаў канцэртамі ў тым ліку і “з-за ўласнай сціпласці”, нарэшце прэзентавалі свой першы паўнафарматны “Залаты альбом”.
“Хацелася паказаць на гэтым альбоме тое лепшае, што за апошнія гады “Bоsaesonca” напрацавала ў гэтым складзе, — распавядае са сцэны фронтмэн Алесь Кот-Зайцаў. — Да таго ж, хацелася зрабіць пласцінку не кшталту “Тhe best”, а ўсё ж такі канцэптуальную, склееную, добра скампанаваную. Так яно і атрымалася”.
Музыкі не перастаюць эксперыментаваць — частка песень з новага альбома выкананая пры дапамозе струннага трыа. Алесь Кот-Зайцаў паабяцаў публіцы, што неўзабаве гурт запіша “анплагтавы” альбом.
“Мне запомнілася энергія, якая ад іх зыходзіць, атмасфера, пасыл, які словамі немагчыма перадаць — усё гэта застанецца з кожным, — дзеліцца ўражаннямі глядачка Аня. — Музыка, можа, і не надта цёплая ў гурта, але ўражанні пасля канцэрту застаюцца самымі цёплымі”.
Застаўся задаволены пачутым і пабачаным і паэт Андрэй Хадановіч:
“Я паглядзеў на харошую, беларускую, “залатую” моладзь, на людзей, якія ўмеюць радавацца, суперажываць, падтрымліваць музыкаў, нават калі яны крышачку лажаюць, але робяць гэта шчыра і старанна. Віншую заслужаных хэдлайнераў сённяшняй вечарыны “Bоsaesonca” і з прэзентацыяй, і з самім дыскам, і гурт ili-ili, які таксама не сапсаваў сёння свята”.
Наступны канцэрт з серыі “Жывы тузін” адбудзецца праз месяц. У ім возьмуць удзел гурты Re1ikt і “Голая манашка”.