Імпарт вырас на 60 адсоткаў
Аднак толькі каля 16% валютных сродкаў выдаткаваныя на імпарт спажывецкіх тавараў, уключна з легкавымі аўтамабілямі.
На закупку прамежкавых тавараў Беларусь за два месяцы 2011 года выдаткавала 75% валютных сродкаў, накіраваных на імпарт тавараў, паведаміў старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэта Беларусі Ўладзімір Зіноўскі, перадае БелТА.
За студзень-люты Беларусь закупіла энергетычных тавараў (нафта і нафтапрадукты, прыродны газ) на $2,6 млрд. Яшчэ $2,2 млрд. пайшло на набыццё сыравіны, матэрыялаў, камплектуючыя вырабы для прамысловасці. Акрамя таго, больш за $500 млн. (амаль 9%) накіравана на закупку інвестыцыйных тавараў.
Каля 16% валютных сродкаў выдаткаваныя на імпарт спажывецкіх тавараў, гэта склала $1 млрд. З іх амаль $300 млн. — гэта імпарт легкавых аўтамабіляў.
Як паведамлялася, у студзені-лютым 2011 года адмоўнае сальда знешняга гандлю таварамі склала $1,97 млрд., што ў 4 разы больш, чым за аналагічны перыяд 2010 года. Экспарт тавараў вырас на 25,6% і склаў $4,36 млрд., імпарт вырас на 60,6% да $6,33 млрд.