Інфармацыя будзе паступаць са спадарожніка прама ў... трактар!

120724 Savi4_Sputnik.mp3

“З космаса бачна ўсё. Есць так званае дакладнае земляробства — са спадарожніка будзе бачна, калі падкормліваць культуры, калі здымаць. Можна будзе казаць, дзе выспявае, дзе не. Трактар ідзе, і яму аператыўна  можна будзе перадаваць гэтую інфармацыю”, — кажа кіраўнік апарату НАН Беларусі Пётр Віцязь.


Здзіўленая, перапытваю: "Як? У трактар перадаваць інфармацыю?"


На што акадэмік згодна ківае: “Канечне! Па здымках, вось як едзеш у машыне па горадзе і калі вы не ведаеце мясцовасці, машына вам падказвае, куды ехаць. Так будзе і са спадарожнікам”. Даўно не ездзіла на трактарах.

У гаспадарцы “Новы шлях”, што ў вёсцы Навіцкавічы Брэсцкай вобласці, заўважаюць, што ніколі ім не даводзілася выкарыстоўваць аніякія здымкі — “ні са спадарожніка, ні з самалёта, ніадкуль”.

“У нас часу няма вашы фатаграфіі разглядаць, мы кожную хвіліну выкарыстоўваем, каб працаваць! Робім усё проста: пайшлі на поле, поле гатова — высылаем камбайн. На спадарожнік штат патрэбны нейкі, у нас усё проста. Раней жылі без спадарожніка, і зараз будзем жыць”, — не пакідаюць нават крыху надзеі ў СВК.

“Увесь праект па стварэнні і запуску спадарожніка ацэньваецца ў 16-17 мільёнаў долараў”, — агучвае кошты касмічнага апарату старшыня прэзідыўма НАН Беларусі Анатоль Русецкі.

На пытанне Еўрарадыё, якім дзяржавам Беларусь збіраецца прадаваць касмічныя здымкі, галоўны акадэмік краіны прызнае, што пакуль ніякіх дамоў не заключана:


“Праз тры месяцы мы вам скажам, калі пачнем нармальна лётаць. У прынцыпе можам прадаваць здымкі любой краіне”.

Яшчэ адно расчараванне — паводле слоў начальніка службы гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага гідраметэацэнтра Дзмітрыя Рабава, спадарожнік не будзе выкарыстоўвацца для ўдакладнення прагнозу надвор’я:

“Для прагнозу нам патрэбны здымкі ўсей Еўропы. Зыходзячы з характарыстык нашага спадарожніка, ён будзе прызначаны больш для аграметэаролагаў і гідролагаў. Да таго ж, нам патрэбна аператыўная інфармацыя — атрымліваем здымкі онлайн кожныя 15 хвілін і можам штосьці прагназаваць. А беларускі спадарожнік, калі я не памыляюся, дае інфармацыю два разы на дзень. Да таго ж, шырыня атмасфернага фронту складае 100-300 кіламетраў, а наш спадарожнік ахоплівае толькі каля 50 кіламетраў".

Затое (!) Міністэрству надзвычайных сітуацый ці Мінпрыроды спадарожнік і сапраўды аблегчыць жыццё: пры дапамозе касмічных даследаванняў можна будзе аператыўна шукаць людзей, кантраляваць паводкі і своечасова выяўляць пажары.

Тым часам Анатоль Русецкі падкрэслівае, што запуск спадарожніка распачынае новую старонку ў гісторыі Беларусі. Інфармацыю з яго будуць выкарыстоўваць Міністэрства надзвычайных сітуацый, Мінпрыроды, у эканоміцы і навуцы. Спадзяемся, прыкметы дэвальвацыі рубля спадарожнік не прапусціць. Чэргі ў абменніках будуць бачны з космасу.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі