Таржкоў: “Калі б Грабоўскі яшчэ і забіваў пасля такіх праходаў...
...яго прозвішча было б Харламаў!” Еўрарадыё абмеркавала матч Беларусь — Канада з віцэ-прэзідэнтам КХЛ, Уладзімірам Таржковым. (+ галы - фота, відэа)
Да гэтай размовы эксперт Еўрарадыё Ўладзімір Таржкоў падыйшоў, як кажуць, з цяжкім сэрцам. Ды і адкуль было ўзяцца добраму настрою… Спачатку, у першы дзень чэмпіяната свету па хакеі зборная Расіі прайграе немцам, якіх пры ўсёй павазе фаварытамі не назавеш. А пасля беларусы правальваюцца ў 3-м перыядзе і саступаюць камандзе Канады 1:4.
І калі зборная Германіі на старце спаборніцтваў традыцыйна гуляе моцна, дык для канадцаў матч, падалося, быў не больш, чым размінкай перад сур'ёзнымі лёдавымі баталіямі…
“Давайце адразу дамовімся, што пра матч расіян размаўляць не будзем, — просіць Уладзімір Таржкоў. — А што тычыцца беларусаў, дык мне падаецца, што справа ў настроі, з якім каманда выйшла супраць Канады. Уявіце сабе сітуацыю. Вы з сябрам ідзеце на танцы ў суседнюю вёску. І вось прыходзіць час пабіцца з тамтэйшымі хлопцамі, а ваш сябар скокнуў у кусты і збег… Вось і беларусы: на пляцоўку выйшлі, але паказаць, чаго яны вартыя, не здолелі”.
Еўрарадыё: Я думаю, гэта трэнерская ўстаноўка: супраць канадцаў не выкладацца, зберагчы сілы для матчаў са Швейцарыяй і Францыяй, якія і будуць вырашаць лёс групы.
Уладзімір Таржкоў: “Я вельмі цёпла стаўлюся да беларусаў. Добра ведаю Эдуарда Занкаўца, сябрую з Уладзімірам Цыплаковым і часта сустракаюся з ім на ветэранскіх пляцоўках. І не думаю, каб яны маглі адмыслова дазволіць камандзе гуляць у палову яе магчымасцяў. Быў у вашай зборнай усплёск напрыканцы 1-га перыяду, калі загарэліся вочы, і яна рванула наперад, з усёй спартовай злосцю, на якую здольная. Гол, які беларусы забілі на апошняй хвіліне перыяду — гэта гол па справе, здабыты сапраўднай каманднай працай. Кітараў пазмагаўся ў куце, аддаў шайбу на пятачок — і супергол Сцяпанава на дальняй штанзе, у лепшых традыцыях савецкай школы. Вось яно, 15-20 секунд спартовай злосці — і гол! Чаму каманды хапіла толькі на момант? Здалося, што сапраўды думалі, што супраць канадцаў няма чаго разбівацца ў аладку. Маўляў, матч нічога не вырашае, усё роўна прайграем…
Так нельга, хлопцы. Канадцаў у гэтай сустрэчы можна было браць цёпленькімі. Яны амаль усе пасля вылетаў з плэй-оф NHL, гэта значыць, — не ў вельмі добрым гуморы. Ну ўявіце сабе, напрыклад: два дні таму ты вылецеў з “Кубка Гагарына”, а тут табе яшчэ нешта гуляць… Канадцам трэба вярнуць сабе ўпэўненасць, раўнавагу. І цягам чэмпіяната яны гэта зробяць. Да таго ж, зборная ў іх, можна сказаць, студэнцкая, і яны яшчэ не зразумелі, у які хакей збіраюцца гуляць. Клас — класам, але для іх гэты першы матч быў — размінка. І таму крыўдна, вельмі крыўдна, што беларусы не здолелі гэта скарыстаць”.
Еўрарадыё: Чаго ў гэтай гульні не хапіла зборнай Беларусі?
Уладзімір Таржкоў: “Звярніце ўвагу на недапрацоўкі на канкрэтных пазіцыях. Абаронцы не паспяваюць — ці наўмысна не робяць яшчэ адзін-два крокі. Таму канадцы адчуваюць сябе вольна, у іх атрымліваецца пас, і ўвогуле, яны глядзяцца больш жвавымі. Хаця, гульня была не вельмі хуткая. Было бачна, што канадцы стомленыя сезонам і не хочуць выкладацца. Дык чаго было не навязаць ім барацьбу? Беларуская каманда ж рыхтавалася? Можна было прэсінгаваць, можна было паказаць настрой! І я не думаю, што Занкавец гэтага не хацеў. Але каманда чамусьці ніякага настрою не паказала.
А са станоўчых момантаў заўважу добрую гульню Кітарава. Мезін адпрацаваў на ўсе 100%. Ну, і, зразумела, індывідуальнае майстэрства Грабоўскага. Калі б ён яшчэ і забіваў пасля такіх праходаў, яго прозвішча было б Харламаў!”
Еўрарадыё: Калі беларусы забілі і зраўнялі лік у сустрэчы — ці адчулі вы, што наша зборная ўсё ж можа разлічваць прынамсі на нічыю? Ці ўсё ж была ўпэўненасць, што канадцы заб’юць яшчэ і ўсё ж перамогуць?
Уладзімір Таржкоў: “Разумееце, нельга выйсці на пляцоўку з настроем на паражэнне, і раптам пачаць гуляць. Так папросту не бывае! Хакей — такая гульня, дзе выходзіш — і рубішся. Я сам так гуляю. І, натуральна, хачу, каб мае сябры таксама былі ў гэтым плане бездакорныя. Таму і сумна за беларускую каманду. І крыўдна за гледачоў, якія, заслужылі больш яркую гульню”.
Еўрарадыё: Цягам матча беларусы 5 разоў гулялі ў большасці, але не здолелі гэта скарыстаць. Можа, усё ж не толькі ў настроі справа? Можа, хакейны Бог увечары 29 красавіка ўсё ж быў не на баку нашай каманды?
Уладзімір Таржкоў: “Большасць — тонкая штука. Расіяне таксама гулялі ў большасці, і таксама не атрымалася, хаця якраз там ёсць каму пазмагацца… А не атрымалася. А хакейны Бог... Я, відаць, у гэтым плане атэіст. Удача заўжды на баку тых, хто выходзіць біцца. Калі ж ты ад пачатку выйшаў на поле “дзеля галачкі”, ведаючы, што матч нічога не вырашае — і ўдачу не зловіш”.
Наступныя гульні зборная Беларусі па хакеі правядзе 1 траўня (супраць швейцарцаў) і 3 траўня (супраць французаў). Пачатак гульняў у 21:15 па беларускім часе.
Фота: www.sports.ru, www.sports-planet.ru