Як выглядае “начлежка для бамжоў”, пра якую казаў Лукашэнка

121017_savi4_bamjy2.mp3

"У Мінску адкрыты шыкоўнейшыя дамы, так званыя начлежкі. Мы збіраем туды такіх людзей, іх там мыюць, чысцяць, даюць магчымасць перазімаваць, выбраць адзежу”, — гаворыць Аляксандр Лукашэнка на прэс-канферэнцыі. Паводле слоў кіраўніка краіны, у Мінску няма людзей, якія стаяць з працягнутай рукой.

Еду на ўскраіну горада, каб паглядзець на тыя шыкоўныя ўмовы.

У начлежцы карэспандэнт Еўрарадыё з’явілася ў непадыходзячы час: на месцы не было начальства — абед і нарады.

Дзяжурны міліцыянер пускае мяне пачакаць дырэктара і нават прапаноўвае крэсла. Каб трохі агледзецца і лягчэй пераносіць вельмі моцны характэрны пах, вырашыла прайсціся па калідоры. Заўважыўшы на стэндзе цікавыя плакаты, пачала фатаграфаваць. І адразу атрымліваю папярэджанне ад міліцыянера: фатаграфаваць нельга! На пытанне "Чаму?" міліцыянер загадкава працягвае:

“Вы самі ведаеце, якія ў нас зараз часы! Нармальныя!”


Намеснік дырэктара гэтай установы нічым дапамагчы не можа:

"Проста так карэспандэнты да нас не прыязджаюць. Спачатку трэба дамовіцца!”


Нарэшце з’яўляецца дырэктар начлежкі Мікалай Вяркееў, але і ён адмаўляе нам у экскурсіі:

“Нажаль, інтэрв’ю не магу ніякага вам даць! Іншым разам: вы ж бачыце, што я вельмі заняты — у мяне чалавек сядзіць. У нас праблем ніякіх няма, людзі трапляюць да нас”.


Іду да прыпынку грамадскага транспарту і на шляху здалёк заўважаю бамжоў — на інвалідных вазках, хто спіць, хто, здаецца, п'яны, хто так.

“А восьмай раніцы выходзіш і ўсе. Бачыце, вунь яны сядзяць — іх на дзень усіх выганяюць з начлежкі, а на ноч пускаюць. Інваліды, усіх выганяюць”, — кажа мне нейкі незнаёмец. Прадстаўляецца Віталём, з выгляду — бомж са стажам.

Пытаюся, ці жыве ён у начлежцы. Віталь абураецца ўмовамі, але кажа, што пажыў там год!

“Усе для паказухі. Электрычнымі плітамі карыстацца не дазваляюць, пральная машына — для прыгажосці, бо прынясі свой парашок. Прывозяць гуманітарку, гэткія стаяць каробкі, а праз колькі часу — няма нічога. Пытаюся ў сястры-гаспадыні: дзе? А яна кажа, што толькі дзіцячыя рэчы прывезлі”.


Паводле слоў Віталя, ён зараз жыве ў лесе — і там адчувае сябе… як дома. Лес, дзе жыве Віталь, — побач, праз дарогу.

“У 36-градусны мароз начую і нічога! Я туды прыходжу — як дадому! Як сабаку, увесь час трасуць. Калі работу знаходзіш — адразу гоняць адтуль: ідзі здымай жыллё. А як жыллё здымаць, жэрці што?”


Дырэктар сталічнай начлежкі Мікалай Вяркееў на абвінавачванне, што нельга карыстацца плітамі, здзіўляецца:

“Яны што, дома ў сябе знаходзяцца? Яны ж не ў кватэры знаходзяцца, і карыстанне плітой — гэта не для іх, гэта для падагрэву! Што можа бомж сабе прыгатаваць?”


Выказваю меркаванне: што-што, а яечню падсмажыць можа кожны. І атрымліваю адказ, на які і адрэагаваць няма як:

“Калі яна ў яго ёсць! Хто вам сказаў, што нельга — кажу, што можна! Падагрэць! Напэўна, Буйнова такая вам паскардзілася. Я ведаю!”


Паводле правілаў знаходжання ў начлежцы, туды не бяруць людзей са скурнымі захворваннямі, сухотамі. Таксама нельга быць нецвярозым.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі