Каля трох мільёнаў беларусаў будуць прышчэпленыя ад грыпу
Медыкі раяць пачынаць вакцынацыю супраць грыпу ўжо ў верасні. Міністэрства аховы здароўя Беларусі рыхтуецца да традыцыйнай зімовай эпідэміі грыпу.
Еўрарадыё: Ці паступае ўжо ў Беларусь вакцына ад грыпу і як шырока плануецца правесці вакцынацыю ў Беларусі?
Галоўны эпідэміёлаг Міністэрства аховы здароўя Іна Карабан: У сувязі з падрыхтоўкай да эпідэмічнага ўздыму захворвання на вострыя рэспіраторныя інфекцыі, органамі і арганізацыямі аховы здароўя былі прынятыя пэўныя меры па павышэнні падрыхтоўкі да эпідэмічнага ўздыму захворвання на вострыя рэспіраторныя інфекцыі. Вакцыны ўжо пачынаюць паступаць у Беларусь. Плануецца вакцынаваць каля 3 мільёнаў чалавек, што складзе больш за 30% насельніцтва Беларусі. Акрамя вакцыны забяспечана гатоўнасць аптэчная, шпітальная, амбулаторна-паліклінічная і дыягнастычная. Прадугледжана магчымасць агляду дома дзяцей першага году жыцця і цяжарных жанчын.
Еўрарадыё: Міністэрства рэкамендуе рабіць вакцынацыю ці проста выконваць нейкія базавыя гігіенічныя правілы?
Карабан: На сённяшні дзень спецыфічным сродкам прафілактыкі з’яўляецца менавіта вакцынацыя. Яна абараняе ад захворвання грыпам каля 80% здаровых дзяцей і дарослых. Усе неспецыфічныя метады прафілактыкі грыпу – гартаванне, часнок, гомеапатычныя сродкі – яны канкрэтна ад вірусаў і грыпу не абараняюць.
Еўрарадыё: Дайце, калі ласка, парады нашым слухачам, што трэба рабіць акрамя вакцынацыі, каб не захварэць на грып?
Карабан: Трэба весці здаровы лад жыцця – гэта самае галоўнае. Не паліць, пабольш гуляць, нармальна харчавацца – гэта ўсе тыя меры, якія могуць дапамагчы не захварэць не толькі на грып, але і на любую інфекцыйную хваробу.