Камунальнікі: "Адключаем усё, што можам"
ЖЭСы перакрываюць даўжнікам нават каналізацыю! А святло могуць адключыць, нягледзячы на тое, што вы за яго заплацілі.
Еўрарадыё даведалася, за якія даўгі ЖЭС адключае камунальныя паслугі і колькі каштуе падключыць іх назад…
Звычайна ЖЭСы разбіраюцца з неплацельшчыкамі проста — адключаюць камунальныя паслугі.
“Гарачую, халодную ваду… Электраэнергію таксама. Усё што можам! Нават каналізацыю перакрываем”, – прызнаюцца Еўрарадыё ў разліковым цэнтры Ленінскага раёна. Але часцей за ўсё неплацельшчыкі застаюцца без святла.
ЖЭС: “У асноўным, усе рэагуюць адразу на адключэнне электрычнасці. Таму ваду адключаем ужо ў вельмі выключных выпадках!”
За які доўг ЖЭС мае права адключыць камунальныя паслугі? Па словах камунальнікаў, сума запазычанасці неістотная – яна можа быць і невялікай. Калі гаспадар не плаціць за паслугі месяц ці больш, яму маюць права адключаць камунальныя паслугі (згодна з пастановай Саўміна №1466), кажуць у ЖЭС №86 Мінска.
ЖЭС: “Калі жылец не аплачвае, яго павінны папярэдзіць. Гэта значыць, калі ў яго ёсць запазычанасць за месяц ці больш. Абавязкова ўладальніка кватэры папярэджваюць, і калі на працягу 3-х дзён ён не заплаціць, ёсць загад Міністэрства ЖКГ, па якім мы можам адключаць камунальныя паслугі – ваду, каналізацыю, электраэнергію таксама адключаем”.
Адключыць камунальныя могуць нават калі за адзін з месяцаў вы недаплацілі ўсяго тысячу… Ці нават менш! Тлумачаць у разліковым цэнтры Кастрычніцкага раёна:
“Напрыклад сёння 26-га студзеня, а вы ўчора не паспелі заплаціць за снежань. І за лістапад у вас яшчэ недаплачана тысяча, напрыклад. Не важна, колькі… Хоць да тысячы! Лічыцца, што гэта два перыяды. І за гэта ўжо можна адключаць”.
Фота з Facebook
Супрацоўніца ЖЭС №100 сталіцы адключэнне электрычнасці называе апошняй магчымасцю дагрукацца да сумлення жыхароў:
“Гэта як мера барацьбы, таму што ўсе магчымасці мы ўжо вычарпалі. Ужо не ведаем, што рабіць з імі. Не хочуць людзі плаціць”.
Камунальнікі скардзяцца на заканадаўства, кажуць, што нельга адключаць электрычнасць, калі ў сям’і ёсць дзеці да 18 гадоў... У Канвенцыі аб правах дзіцяці прапісана, што дзеці маюць права на здаровыя, бяспечныя ўмовы жыцця.
“Калі ў сям’і ёсць непаўналетнія дзеці, то мы не маем права адключаць, – тлумачаць у ЖЭС №86. – Калі кватэра падзеленая на некалькі асабовых рахункаў, і адзін з жыхароў плаціць спраўна, а другі гадамі не аплачвае, то практычна нічога не зробіш. У гэтым сэнсе ў заканадаўстве ёсць недапрацоўкі”.
Электраэнергію могуць адключыць нават калі вы спраўна за яе плаціце! Гэта робяць, калі ёсць запазычанасць за іншыя паслугі, таму што электрычнасць адключыць прасцей за ўсё. Не абавязкова, каб гаспадар быў дома.
“Мы не адключаем электраэнергію, мы спыняем тэхнічнае абслугоўванне электрашчытка”.
Каб у кватэры зноў з’явілася святло, вада і запрацавала каналізацыя неабходна не толькі цалкам пакрыць запазычанасць, але яшчэ і заплаціць за падключэнне, тлумачыць юрыст ЖЭСу.
Юрыст: “Падключаюць паслугі пасля аплаты запазычанасці цалкам, плюс яшчэ аплата за саму працу – за падключэнне. Электрыкам ЖЭСа або сантэхнікам… гледзячы, што адключана. Падключаюць у тэрмін не большы за 2-е сутак пасля падачы квітанцыі”.
За падключэнне электраэнергіі трэба заплаціць 12840, падключэнне вады ў суме будзе каштаваць каля 17 тысяч, а вось каб спецыялісты знялі пробку з каналізацыйнай трубы, трэба аплаціць ажно 110 тысяч.