Камунальнікі: Тлумачыць трэба людзям — цяжкая сітуацыя, а будзе яшчэ горш

“Ёсць такая прапанова, каб даць чалавеку ў суткі колькі там літраў — па старой цане, а ўсё, што звыш нарматыву — трэба будзе плаціць (за ваду) па поўным кошце”, — тлумачаць Еўрарадыё ў Мінскім вадаканале.


Насельніцтва аплочвае толькі 23% жыллёва-камунальных паслугаў. А ў сярэднім за суткі ў Мінску чалавек спажывае 150 літраў вады. (“Дзесьці 150 літраў у суткі на аднаго чалавека — гэта тыя, у каго ёсць лічыльнікі”, — Водаканал).


І, хутчэй за ўсё, нарматыў будзе… меншым за сярэдняе спажыванне! Пра гэта распавялі Еўрарадыё ў “Мінскай гарадской жыллёвай гаспадарцы”:


“Гэта вельмі цяжкое пытанне. Калі ён, напрыклад, будзе спажываць 140 літраў вады ў дзень і звыш яго — па сабекошце (па 2548), можаце сабе ўявіць, што гэта будзе… Што гэта такое для насельніцтва, наколькі яно абвостранае ў нас у гэтым плане!”.


Паводле інфармацыі водаканала, лічыльнікі на ваду сёння стаяць амаль ва ўсіх. А вось тых людзей, якія лічыльнікі так і не паставілі, новаўвядзенне ніяк не закране.


"Панікаваць не трэба", — кажуць у “Мінскай гарадской жыллёвай гаспадарцы”. Па першае, пакуль што ёсць толькі праект пастановы, які могуць і не падпісаць. А па-другое, “вада – гэта дробязь…”:


“Ну, а што такое вада? Вада ў нас каштуе капейкі. Вось электраэнергія і газ — гэта так! А вада — капейкі… Нават па тым сабекошце, што плануецца (2548), — гэта ерунда. Узялі вы на куб болей, 2 тысячы заплацілі — гэта тры разы ў транспарце праехалі…”.


Але, як даведалася Еўрарадыё, нарматывы могуць увесці не толькі на ваду.


“Мінгаржылгас”: “Гэта ж не толькі па вадзе. Па газе будзе, па электраэнергіі таксама…”


Спецыяліст тлумачыць, што сітуацыя ў камунальнікаў цяпер вельмі цяжкая. Таму гэтая мера — вымушаная.


“Мы ж цяпер ледзь-ледзь ногі цягнем… Гэта ўвогуле жах. На якіх заробках людзі ў нас сядзяць… А падвысілі на 500 рублёў вываз смецця — усё, скандал. Дык гэта менш, чым адзін раз у транспарце праехаць! Тлумачыць трэба насельніцтву, якая ў нас сёння сітуацыя склалася. Цяжкая сітуацыя, а будзе яшчэ горш”.


Вось гэтага мы і баімся.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі