"Канавалаў зайшоў такі сутулы, як малпачка. За пояс ён быў абвязаны тросам"
Гаспадар кватэры, якую здымаў Канавалаў, па іроніі лёсу 26 год адпрацаваў... у метрапалітэне. (Відэа, фота)
Яму не працягнулі кантракт перад судом, таму 70-гадовы мужчына ўжо паўгода на пенсіі.
Васіль Веліч: "Перад судом мне далі зразумець, што трэба сыходзіць. Афіцыйна скончыўся кантракт, але ў вочы мне сказалі, што "ты ведаеш чаму". Яны захваляваліся, баяліся што на судзе ўсплыве, што я ў метро працую".
У сваёй кватэры Васіль Веліч распавядае Еўрарадыё, як адбываліся следчыя эксперыменты з удзелам Канавалава і яго знаёмай Пачыцкай. А вось Кавалёва пры ім не прывозілі ні разу, што дзіўна.
Першы раз гаспадар пабачыў сваю кватэру 13 красавіка, на наступны дзень пасля затрымання Канавалава і Кавалёва. Яго з працы прывезлі на вуліцу Караля ў Мінску. Міліцыянты па дарозе тлумачылі гаспадару, што "кватэру пераўтварылі ў бардэль і здавалі на суткі".
Васіль Веліч: "Адчынілі дзверы тамбура і я абамлеў. Бачу: дзверы мае выламаныя, у кватэры ўсё перавёрнута".
Падчас арышту Канавалава спецназ памыліўся і ўварваўся... да суседзяў
У той вечар на следчыя дзеянні першай прывезлі дзяўчыну, якую затрымалі разам з Канавалавым і Кавалёвым. Яна адказвала на пытанні супрацоўнікаў і, як падалося Велічу, паводзіла сябе свабодна.
Васіль Веліч: "Яна вяла сябе так раскавана. Усё так з "ха-ха". Я здзівіўся, што такое адбылося і яна ў курсе справы, і ўсё так ходзіць, распавядае і смяецца. Яе пыталі, дзе сумка стаяла, дзе елі, дзе спалі. Яна распавядала, што гэтыя двое адчынілі сумку неяк, і пра нешта там шапталіся. А ёй сказалі ісці на кухню. Гэта дзеўка казала, што калі Канавалаў прыйшоў, Кавалёў спытаў: "Ну як?" Той кажа: "Усё ў парадку".
За год гаспадар зрабіў рамонт і перастаноўку. Але шырма за якой, нібыта, шапталіся Канавалаў і Кавалёў, захавалася. За ёй цяпер стаіць ложак, шырма справа ад увахода.
Кватэра аднапакаёвая, зала прахадная, праз яе можна патрапіць на кухню. Кухню ад асноўнага пакою закрываюць шкляныя непразрыстыя дзверы. Тут кватаранты пілі і палілі.
14 красавіка 2011-га ў дзьве (!) гадзіны ночы Васіля Веліча проста з працы зноў выклікаюць на следчыя дзеянні. На гэты раз прывезлі Канавалава.
Васіль Веліч: "Зайшло чалавек восем і завялі Канавалава. Ён стаяў у пярэднім пакоі побач са мной. За пояс быў абвязаны металічным тросам, а другі канец ў міліцыянера ў руцэ. Ён такі сутулы зайшоў, як малпачка. І гэтая шапачка нацягнутая на вочы. У яго можа скаліёз нейкі ці што".
Па словах гаспадара кватэры, Канавалаў быў ціхім і толькі адказваў на пытанні. Паказваў, дзе стаяла сумка, і распавядаў, калі пайшоў з кватэры 11 красавіка ў дзень тэракту.
Васіль Веліч: "Яму задавалі пытанні, якая сумка была, дзе стаяла. Ён усё распавядаў і паказваў. Спыталі: "У колькі вы пайшлі на справу?" Ён кажа: "У 5 гадзін". Спыталі: "Вашыя падзельнікі бачылі, як вы сыходзілі?". Ён так замяўся, кажа: "Не, не бачылі. Яны сядзелі на кухні, пілі спіртное".
Яны сапраўды маглі не бачыць Канавалава, толькі калі дзверы на кухню былі зачыненыя, калі той сыходзіў.
Затым Канавалаў пайшоў паказваць, як ён ішоў на станцыю метро "Фрунзенская". "Тут жа па рацыі далі каманду перакрыць вуліцу", — гаворыць Васіль Веліч.
Больш за ўсё яго здзівіла, пасля размовы з суседзямі, што раніцай пасля выбуху ў яго кватэры весяліліся.
Васіль Веліч: "Суседка казала, што раніцай пасля 11 красавіка позна пайшла на працу, каля 10-й раніцы. Выйшла ў тамбур, а там з пакою —музыка, смех. Падумала, вось як людзі добра жывуць, не трэба ім на працу".
У кватэры толькі часткова захавалася старая абстаноўка. Столік, тэлевізар і ложак гаспадар пераставіў. Адзін ложак выкінуў, шпалеры пераклеіў. Але шторы, дыван і шырма засталіся на сваіх месцах, яны вельмі падобныя на стары фотаздымак з затрыманнем Кавалёва, які атрымала Еўрарадыё.
За гэтай шырмай стаяла сумка
Гаспадар кватэры паказвае дзе стаяла сумка
Від з акна кухні
А гэта эксклюзіўнае фота затрымання абвінавачванага ў тэракце