Канфіскаванае год таму ў Юрыя Варонежцава, далучылі да справы 19 снежня

 Амаль год вучоны і грамадскі дзеяч, адзін з арганізатараў кампаніі "Гавары праўду!" Юрый Варонежцаў спрабуе высветліць у праваахоўных органаў — дзе знаходзяцца рэчы, канфіскаваныя ў яго падчас вобыску ў маі 2010 года, і ці з'яўляюцца яны рэчавымі доказамі па якой-небудзь крымінальнай справе.

У сакавіку 2011 года Варонежцаву ўсё ж вярнулі грошы, носьбіты інфармацыі і частку камп'ютарнай тэхнікі. "Аднак два самыя дарагія ноўтбукі мне не вярнулі, а асобы, адказныя за вяртанне тэхнікі, спасылаюцца на яе фізічную адсутнасць", — паведаміў БелаПАН грамадскі дзеяч.

Наконт гэтага ён накіраваў скаргу ў ГУУС Мінгарвыканкама, адкуль быў атрыманы адказ, што канфіскаваныя друкаваная прадукцыя і камп'ютарная тэхніка далучаны ў якасці рэчавых доказаў да крымінальнай справы па абвінавачанні Някляева, Фядуты, Дзмітрыева, Рымашэўскага, Палажанкі і Вазняка.

"Значыць, ноўтбукі канфіскавалі ў маі, людзей судзяць за падзеі, якія адбыліся ў снежні, і разам з тым ноўтбукі нейкім чынам з'яўляюцца рэчавымі доказамі. Прытым што падчас снежаньскіх падзей камп'ютары знаходзіліся ў міліцыі, і як яны маглі выкарыстоўвацца для падрыхтоўкі беспарадкаў — толькі міліцыі і вядома", — дадаў Варонежцаў.

Паводле яго слоў, друкаваную прадукцыю з лагатыпам кампаніі "Гавары праўду!" яму вярнулі яшчэ ў сакавіку, разам з тым у адказе з ГУУС гаворыцца, што яна таксама з'яўляецца рэчавым доказам і далучана да крымінальнай справы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі