Канфіскаваныя квіткі на "Барселону" перапрадалі за пару гадзін да гульні
Еўрарадыё прасачыла, куды “зніклі” канфіскаваныя квіткі на Лігу чэмпіёнаў.
Некаторым пашанцавала набыць квіткі на “Барселону” за пару гадзін да гульні у касе стадыёна.
Як даведалася Еўрарадыё, падатковая інспекцыя Ленінскага раёна Мінска канфіскавала 75 квіткоў перад матчам БАТЭ-“Барселона”.
“Матэрыялы праверак, адміністрацыйныя пратаколы, накіраваны ў гаспадарчы суд Мінска для разгляду. А далейшы лёс квіткоў вырашае федэрацыя футбола, куды яны былі перададзеныя”, - распавяла Еўрарадыё начальнік аддзела аператыўных кантрольных мерапрыемстваў падатковай інспекцыі па Ленінскім раёне Мінска Андрэй Жыдаловіч.
Да адміністрацыйнай адказнасці было прыцягнута пяць спекулянтаў. Кагосьці знайшлі па аб’явах у інтэрнэце, некаторых затрымалі прама пад “дынамаўскімі” касамі. Па словах супрацоўніка падатковай, нават 28 верасня – акурат ў дзень матча. Амаль на таксоўцы завозілі квіткі ў фірму “АБФФ-вандроўка”.
У “АБФФ-вандроўка” карэспандэнту Еўрарадыё распавялі, што атрымалі з падатковай каля 100 квіткоў. Усе яны паўторна вярнуліся ў продаж.
“АБФФ-вандроўка”: “Каля 100 квіткоў было канфіскавана, на ўсе тры матчы. І тое, здаецца, іх столькі не было. На “Барселону” было 10-15 квіткоў максімум. Як толькі з’яўляліся – тут жа і раскупляліся. Самі ведаецца, які быў ажыятаж!”.
Атрымоўваецца, што хтосьці, каб паглядзець на каталонскі клуб займаў чаргу пасярод ночы за тры тыдні да матча. А камусьці пашанцавала набыць квіток за пару гадзін да гульні!
Супрацоўніца “АБФФ-вандроўка” запэўнівае, што квіткі на “Барселону”, атрыманыя ад падаткавікоў, зноў вярнулі ў касы. Неўзабаве ў продажы з’явяцца і канфіскаваныя квіткі на “Мілан” і “Вікторыю”.
“АБФФ-вандроўка”: “За продаж канфіскаваных квіткоў наша прадпрыемства мусіць заплаціць падаткі. Таму, каб не несці страты, прадавалі паўторна”.
Як даведалася Еўрарадыё, падатковая інспекцыя Ленінскага раёна ўжо пачала сачыць за жадаючымі “зарабіць” на матчы з “Міланам”. Праўда, пакуль нікога не затрымалі.
Андрэй Жыдаловіч: “Аб’явы размяшчаліся, як і перад “Барселонай”, так і цяпер. Можна сказаць, што іх колькасць не паменшылася”.
Фота: websmi.by