"Канцэрт на траве" нечакана перанеслі
Мясцовыя ўлады запатрабавалі ад арганізатараў фестывалю ўзгаднення.
"Канцэрт на траве", які мусіў адбыцца 28 траўня на хутары "Шаблі" нечакана перанесены на 11 чэрвеня. Прычынай гэтаму стала неабходнасць узгаднення правядзення фестывалю з мясцовымі ўладамі. Маўляў, такога кшталту канцэрты лічацца масавымі мерапрыемствамі і мусяць праводзіцца паводле закона. У сваю чаргу, гаспадар хутара "Шаблі" лічыць, што гэты фестываль трапляе пад яго агратурыстычную дзейнасць і не з'яўляецца масавым мерапрыемствам.
Нагадаем, што хэдлайнерамі канцэрта павінны былі стаць гурт "J-Морс" з праграмай "Много неба" і "Крамбамбуля" з новай праграмай "Драбадзі-Драбада". Таксама падчас імпрэзы мусіла адбыцца прэзентацыя анімацыйнага фільма “Будзьма беларусамі!”
Даведка Еўрарадыё: Канцэрты ў Беларусі могуць трапляць пад два законы. Калі мерапрыемства адбываецца ў клубе ці канцэртнай зале, арганізатарам неабходна ў вольнай форме паведаміць пра яго мясцовым уладам за 5 дзён. Калі ж канцэрт ці фестываль праходзяць на вольным паветры, дзе можа прысутнічаць больш за 1,5 тысячы чалавек, то ён трапляе пад закон аб масавых мерапрыемствах. У такім выпадку арганізатары павінны узгадняць гэта з рознымі інстанцыямі.
Фота: bezymov.livejournal.com