Карцінкі на большасці беларускіх грошай не адпавядаюць рэчаіснасці! (ФОТА)
Ступень несупадзення розная: на 50 рублях спілавалі елку, на 10 тысячах пабудавалі храм, а на 100 тысячах зруйнавалі палову замка!
Цяпер у абароце знаходзіцца 11 беларускіх банкнот – наміналам ад 10 рублёў да 100 тысяч. На кожнай з іх выяўлены нейкі помнік архітэктуры. Еўрарадыё высветліла, ці ўсе яны выглядаюць гэтак жа, як на банкнотах? Высветлілася, што пераважная большасць малюнкаў ужо не адпавядае рэчаіснасці!..
Самы яскравы прыклад – купюра найменшага наміналу ў 10 рублёў:
Як вядома, з тае пары Нацыянальная бібліятэка “крыху змянілася” і цяпер выглядае вось так:
А ў старым будынку, выяўленым на купюры, цяпер ідуць будаўнічыя працы. Паводле нашай інфармацыі, гэты будынак абжывуць ці то дэпутаты, ці то сенатары.
Нацыянальны банк Беларусі не моцна змяніўся ад часу, калі яго змясцілі на купюры. І герб той жа, і вокнаў новых не з’явілася.
Але неадпаведнасці ўсё ж ёсць. Мастак не паленаваўся паказаць на банкноце і дрэвы, і аўтамабілі і ходнік. А вось пра падземны пераход чамусці забыўся. Між тым, пераход гэты сярод мінчукоў славуты і на гарадскім слэнгу завецца “труба”.
А тут перахода няма. Ці за машынай схаваўся?
Брэсцкая крэпасць-герой выглядае збольшага падобна…
Толькі вось высокія елкі справа ад увахода спілавалі. На Новы год, можа?
Оперны тэатр змяніўся даволі моцна і не адпавядае выяве на банкноце ў 100 рублёў.
У часе рэканструкцыі верхні паверх “вырас” залай для рэпетыцый, а фасад упрыгожылі тэматычныя скульптуры.
Чаму б такую прыгажосць не “дамаляваць” на грошах?
Як мы ні лічылі колькасць калонаў у Палацы прафсаюзаў, яна супала ў рэале і на грошах.
Палац – ці не самая падобная пабудова "у сапраўднасці" і "на банкноце”. Але…
Вось тут павінен быць уваход у метро. Раз ужо дрэвы намалявалі, чаму яго няма?
Уваход, дарэчы, не абы-які, а ўжо гістарычны. Менавіта вакол яго гуртавалася намётавае мястэчка на Плошчы ў 2006 годзе.
Да тысячы "падкапацца" цяжка – Нацыянальны мастацкі музей застаўся практычна нязменны.
Хіба што ліхтары паставілі. З дэталяў, пра якія забыўся мастак – ахоўная дошка на фасадзе, якая нагадвае, што будынак – помнік архітэктуры.
Тут ёсць…
…а тут няма!
Палац спорту з часу змяшчэння на купюру абшылі сайдынгам…
…і напісалі на ім, каб ніхто не паблытаў, што гэта “Дворец спорта”.
Панарама Віцебска змянілася ад часу змяшчэння на купюры на… Цэлы новы храм!
Мы не змаглі ўзляцець у паветра, таму сфоткалі гэты ж ракурс з зямлі. Жоўты будынак справа – тэатр імя Якуба Коласа, які відаць на купюры. Шпіль ратушы (у цэнтры) на банкноту таксама патрапіў. А вось вежы Уваскрасенскай царквы, якую адбудавалі ў 2005-08 гадах – не! Яе шпіль відаць адразу за тэатрам.
З гэтага ракурса царкву не можа не быць бачна – яна павінна прысутнічаць між тэатрам і ратушай.
Такі прыгожы храм заслугоўвае таго, каб дзеля яго перамаляваць выяву на банкноце!
Глядзім на адваротны бок банкноты. Там Летні амфітэатр. Нязменная канцэртовая пляцоўка "Славянскага базара" апынулася не такой ужо і нязменнай!
У Віцебску да яе прыбудавалі дах. А на купюры з 10 тысяч рублёў - не!
Палац Румянцавых і Паскевічаў у Гомелі ад часу патраплення на банкноту зазнаў рэстаўрацыю.
На ягоным даху з’явілася прыгожая агароджа і скульптуры.
Усяго гэтага няма на купюры.
Гадзіннік на вежы займеў белы цыферблат. Гэта таксама не адлюстравана на банкноце.
Мірскі замак заслужана патрапіў на 50 тысяч рублёў.
З першага погляду, у ягоным выглядзе нічога не змянілася, але...
...пры дэталёвым разглядзе бачна, што перад галоўным уваходам з’явілася імітацыя старадаўняга барбакана (дадатковага ўмацавання ўвахода ў замак).
На малюнку яго няма.
Нясвіжскі замак Радзівілаў з найбольшай беларускай купюры ад часу з’яўлення на грошах шматкроць патрапляў у сумныя навіны. То рэстаўратары знішчылі мост, то ляпніну, то кавалак абарончай галерэі на валах, то недарэчную вежу-цыбуліну начапілі…
Але самае галоўнае несупадзенне з купюрай – будаўнікі і рэстаўратары да непазнавальнасці змянілі дзве галерэі, якія прымыкаюць да галоўнага корпуса, “Палаца”.
Левую галерэю некалькі гадоў таму знішчылі да зямлі і адбудавалі цалкам нанова. Маўляў, старэнькая была, нетрывалая. Пасля адбудовы яна змяніла свой выгляд – так, як гэта ўявіў кіраўнік рэстаўрацыі Сяргей Друшчыц.
Хоць да “рэстаўрацыя” галерэя прастаяла 250 гадоў і магла б прастаяць яшчэ столькі ж.
Раней было вось так…
А цяпер стала “красіва”, з калонамі.