Кастусёў: Мы чакаем прыходу судовага выканаўцы ці сілавікоў

Еўрарадыё: Як адбываецца высяленне ці вы ўсе ж плануеце адстойваць управу?

Кастусёў: "Мы адназначна заявілі, што самі мы не будзем высяляцца. Сёння апошні дзень, мы чакаем прыходу або судовага выканаўцы або прадстаўнікоў сілавых структураў, але пакуль нікога не было. Мы працуем у звычайным рэжыме. Спадзяемся, што можа ўлады перадумаюць нас высяляць. Апошнія два дні паказалі некаторыя саступкі ўладаў у бок лібералізацыі, я маю на ўвазе адкліканне Міністэрствам інфармацыі сваіх іскаў на "Нашу ніву", "Народную волю". Мы ведаем, што зараз газэты будуць выходзіць у звычайнм рэжыме".

Еўрарадыё: Але каб было прынята такое рашэнне, мусіць быць новае паседжанне суда, які прыме такую пастанову?

Кастусёў: "Мы зараз падрыхтавалі і перадалі ў Вышэйшы гаспадарчы суд касацыйную скаргу. Зразумела, што гэтая скарга ў Вышэйшы гаспадарчы суд не прыпыняе рашэння Калегіі Мінскага гарадскога суда аб высяленні. Але мы адначасова звярнуліся і да судовага выканаўцы Нікуліна з Мінскага гаспадарчага суда і звярнуліся да камунальнікаў з тым, каб яны прыпынілі нашае высяленне да разгляду нашай скаргі".
 
Еўрарадыё: Рэчы з офіса выносілі?

Кастусёў: "Зразумела, што некаторыя рэчы мы ўжо павывозілі. Але мы працуем у звычайным рэжыме, як і раней. Там таксама дзяжураць нашыя сябры па партыі".

Еўрарадыё: Ці вы знайшлі іншы офіс на выпадак, калі на вас не распаўсюдзіцца гэта невялічкая "лібералізацыя"?

Кастусёў: "Так, у нас ёсць запасны варыянт і ўжо падпісана дамова, на ўсялякі выпадак".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі