Кастусёў: Партыю БНФ хацелі “здаць” новаму кіраўніку!
Намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў у інтэрв’ю Еўрарадыё распавёў пра загавар у шэрагах партыйцаў
Еўрарадыё: На вашую думку, чаму 92 актывіста выйшлі з партыі?
Рыгор Кастусёў: Нічога неспадзяванага не адбылося. Гэтыя людзі ўжо напрацягу двух гадоў не працавалі на карыць партыі, яны працавалі ў іншых партыях і працавалі больш на шкоду партыі. Мы ведалі пра гэта, што ёсць задумка ў гэтых людзей стварыць новую палітычную сілу, і выхад з Партыі БНФ з'яўляецца таму пацвярджэннем. Проста будзе стварацца новая палітычная сіла.
Еўрарадыё: А што азначае “працаваць не на карыцсь партыі”?
Рыгор Кастусёў: Калі сябра Партыі БНФ з'яўляецца сапраўдным сябрам Партыі БНФ, ён быў павінен працаваць згодна з праграмай і Статутам Парыті БНФ. Калі чалавек не падтрымлівае ні праграму, ні Статут, ён працуе на шкоду Партыі.
Еўрарадыё: Можа, гэтыя 92 асобы проста не падтрымалі вашую кандыдатуру для прэзідэнцкіх выбараў?
Рыгор Кастусёў: Не гэта першаснае. Яшчэ да справаздачна-выбарчага вераснёўскага З'езда-2009, калі адбылася змена кіраўніцтва партыі, я асабіста валодаў інфармацыяй пра тое, што ёсць задумка ў былога кіраўніцтва “здаць” партыю пад чалавека не партыйнага на прэзідэнскія выбары. Даходзіла такая інфармацыя, што была задумка перавесці партыю ў новую арганізацыю і стварыць новую палітычную сілу са здачай Партыі БНФ".
Еўрарадыё: Вы маеце на ўвазе Андрэя Саннікава зараз?
Рыгор Кастусёў: Я не магу сказаць дакладна, хто быў бы кіраўніком новай палітычнай сілы. Але тое, што інфармацыя пра выхад з Партыі БНФ з’явілася на сайце "Хартыя’97" у першую чаргу, сведчыць пра гэта. Але хто будзе абраны кіраўніком я не ведаю.
Еўрарадыё: Наколькі моцна гэты дэманстратыўны сыход ударыць па рэпутацыі партыі?
Рыгор Кастусёў: Па рэпутацыі партыі гэта не ўдарыць, хутчэй за ўсё гэта будзе на карысць. У нас зараз больш за 3,5 тысячы сяброў запісана, з іх каля 1 тысячы – у мінскай гарадской арганізацыі.
Еўрарадыё: Чаму выйшла так шмат асобаў? Янукевіч нам паведамляў, што выйдзе не больш за 30 чалавек.
Рыгор Кастусёў: Я яшчэ не праглядаў спіс, які надрукавала "Хартыя’97". Не магу дакладна сказаць, ці ўсе там – сябры Партыі БНФ. Падцвярджэння гэтаму пакуль няма".