Каваленка: Прашэнне аб памілаванні падпісаў без раскаяння і прызнання віны
Сяргей Каваленка распавёў пра ўмовы зняволення, галадоўку і раптоўнае вызваленне пасля візіту ў камеру прадстаўніка Папы Рымскага.
Еўрарадыё: Сяргей, як адбывалася вызваленне? Ці было яно нечаканым для вас?
Сяргей Каваленка: І чакана, і нечакана. Меркаваў, што можа па-рознаму быць. Я прашэнне падпісаў без раскаяння і прызнання віны. Я адмовіўся такое прашэнне падпісваць, сказаў, што ганаруся тым, што зрабіў. Тады мне прапанавалі напісаць, што я проста прашу сябе вызваліць. Я падумаў, што суд прасіў мяне вызваліць, няхай і галоўнага чыноўніка папрашу — Лукашэнку. Я шараговы — карона з мяне не зваліцца. Тым больш што мне сказалі: праз тры дні выйдзеш. 25 чэрвеня гэта было. Сказалі, што могуць вызваліць да так званага Дня незалежнасці.
Еўрарадыё: Але вас так і не вызвалілі тады.
Сяргей Каваленка: Так. Я зразумеў, што ў калоніі мне гаварылі пра сваё ўласнае меркаванне. Увогуле разлічваў, што вызваляць. Усе, хто пісаў памілаванне, былі вызваленыя. Вызвалілі б і мяне.
Еўрарадыё: Калі даведаліся пра вызваленне?
Сяргей Каваленка: Пазаўчора. Раніцай да нас з Паўлам Сырамалотавым (анархіст, палітвязень, сядзеў разам з Каваленкам. — Еўрарадыё) прыехаў прадстаўнік Папы Рымскага (Апостальскі нунцый у Беларусі, арцыбіскуп Клаўдыа Гуджэроці - Еўрарадыё). Мы з ім праз перакладчыка гаварылі. Перадаў мне ад Папы прывітанне. Ну, і я Папу перадаў. Вельмі добра пагаварылі, вельмі прыемна. А ў абед ужо прыйшлі паперы аб вызваленні, ксеракопіі. Нам сказалі збірацца. Але арыгіналы дакументаў спазніліся, і мы чакалі да ўчорашняга дня. Мяне вызвалілі першага. А потым Пашу, сказалі, адпусцяць.
Еўрарадыё: Як дабіраліся дадому?
Сяргей Каваленка: Міліцыянты ўжо мелі квіток для мяне. Давезлі да цягніка, далі патэлефанаваць. У Віцебску жонка з сынам сустракалі. Дзве цёткі, сёстры маці, і брат стрыечны. Міліцыя ў цывільным сустракала таксама. Доўга размаўляў з роднымі, вельмі радасна было. З горада як быццам і не выязджаў. Дачка вельмі падрасла. Сын трошкі, але дачка моцна. Пакуль я сядзеў, яна пачала хадзіць і размаўляць. Гэта вельмі добра.
Еўрарадыё: Што для вас самым цяжкім было за кратамі?
Сяргей Каваленка: Там шмат было пачуццяў. Вельмі розных. Супрацьлеглых. Я сябе вельмі вінаваціў, што выйшаў першы раз з галадоўкі. Міліцыянты сказалі, што калі я буду раз у дзень есці, то яны будуць працягваць лічыць мне галадоўку. Быццам яна захоўваецца. Дагэтуль я 20 дзён ужо галадаў і дрэнна ўсведамляў усё. Там са мной адмыслова навучаныя людзі працавалі. Запалохаць не маглі — бо я адразу пачынаў супраціўляцца. Яны па-добраму да мяне тады. Дазволілі рабіць усё, што я хацеў. Я мог не мыць кубак за сабой, ляжаць на ложку — усё, што хачу. Іншым гэтага не дазвалялася. І я вырашыў, што перамог усіх. Вырашыў пабыць да суда, а на судзе сказаць, што Канавалаў і Кавалёў (абвінавачаныя ў выбуху ў метро. — Еўрарадыё) — невінаватыя. А дзён праз 20 я зразумеў, што галадоўка атрымліваецца несапраўдная. І тады я ўвайшоў у новую галадоўку. Трымаўся два месяцы. Напрыканцы галадоўкі ў мяне ад жывата да калень усё было фіялетавым. Лекары вены не маглі знайсці, калі мне калолі ўколы. На адной руцэ няма — шукаюць на іншай, знаходзяць… Калі я пачаў новую галадоўку, то перастаў сябе вінаваціць. Думаю, каб я тады першы раз не выйшаў з галадоўкі, то вызвалілі б мяне даўно. Другі раз выходзіў, калі прыгразілі ў Навінках пакінуць.
Еўрарадыё: Як да вас ставіліся іншыя зняволеныя? Падтрымлівалі альбо не?
Сяргей Каваленка: Па-рознаму. Былі і правакатары, было і вельмі шмат нармальных людзей. Так званыя блатныя моцна падтрымлівалі. Яны ж таксама змагаюцца там, па-свойму. А я па палітычнаму — яны зразумелі. Былі такія падсадныя: угаворвалі паесці. Калі я адмаўляўся, то яны нават злавацца пачыналі. Абражалі. Прыходзілася некаторых супакойваць.
Еўрарадыё: Ці адчувалася падтрымка з волі?
Сяргей Каваленка: Вельмі моцна. Хачу ўсім вельмі падзякаваць. За тое, што сям’і дапамагалі, за салідарнасць. Вельмі рады, што шмат хто адгукнуўся. Вельмі прыемна было атрымліваць лісты ад людзей. Ім усім вялікі дзякуй.
Еўрарадыё: Якія планы ў вас на сённяшні дзень, на бліжэйшую будучыню?
Сяргей Каваленка: З роднымі пабыць. Ім было цяжка без мяне. Асабліва сыну. Ён у мяне добра вучыцца. Я там усё думаў, што ў яго гэтыя гады — з першага па трэці клас — як усё жыццё. Пра жонку, пра дачку думаў таксама. Зараз вось разам з сынам пойдзем у горад пройдземся… А так усё без зменаў застаецца. Будзем весці барацьбу. З гэтымі людзьмі, якім улада выпадкова дасталася.
Нагадаем, Сяргея Каваленку выпусцілі з магілёўскай калоніі 26 верасня каля 20:00 і пасадзілі на цягнік да Віцебска. А на вакзале ў родным горадзе яго сустрэлі жонка, сын і сваякі. Больш за год зняволення ён адбыў за парушэнне ўмоваў “хатняй хіміі”.
7 студзеня 2010 года Сяргей Каваленка вывесіў бел-чырвона-белы сцяг на навагодняй ялінцы ў цэнтры Віцебска. Пасля інцыдэнта ён быў арыштаваны і прысуджаны да трох гадоў ўмоўнага пакарання.