Кавы, у якую трэнер Яфімаў “падсыпаў” допінг, не было ў меню
А стэроід метэналон, які знайшлі ў арганізме Надзеі Астапчук, разбавіць у вадкасці амаль немагчыма
Трэнер Аляксандр Яфімаў расказаў, што патаемна падсыпаў допінг у каву Надзеі Астапчук.
Рыхтуючы 14-га жніўня матэрыял пра зборы Надзеі Астапчук у Раўбічах, журналіст Еўрарадыё пільна прагледзеў яе меню за розныя дні. І кавы там не было.
“Салат з крабавых палачак і кукурузы, амлет з вяндлінай, кампот, ікра, шакалад, бульбяное пюрэ, запечаная рыба, пітная вада “Дарыда”, чай, блінчыкі з джэмам, з птушкай, з вяндлінай… Увесь асартымент у нас выпісаны”, — так дырэктар рэстарана “Раўбічы” Аляксандр Лукавой называў нам стравы, якія падаваліся на стол першага жніўня.
Праглядаем усе матэрыялы, занатаваныя намі ў Раўбічах, і на 100% упэўніваемся, што і 30 ліпеня, калі па афіцыйнай інфармацыі Яфімаў падсыпаў допінг у каву, гэтага напою ў рэстаране не падавалася.
Натуральна, у рэстаране “Раўбічы” каву можна было і дазамовіць: апарат стаіць за межамі зала у праходзе на кухню. Выпіць напой, куды нібыта падсыпалі допінг, можна было і ў нумары, прыгатаваўшы на сваёй кававарцы, і ў іншым бары.
Але яшчэ адна нестыкоўка – метэналон у вадкай форме (выпускаецца ў ампулах) усплыве наверх алейнай плямай.
Тэарэтычна трэнер Яфімаў мог растаўчы таблетку і ўсыпаць атрыманы парашок у каву.
Ці магчыма такім чынам растапіць у каве метэналон, пытаемся ў незалежнага эксперта, выканаўчага дырэктара Расійскага антыдопінгвага агенцтва (“Русада”) Мікіты Камаева.
“Анабалічныя стэроіды аральнай формы дрэнна распушчаюцца ў вадкасці. У прынцыпе, у форме таблеткі ён у вадзе распушчальны. Абмежавана, але распушчальны. Усе анабалічныя стэроіды не распушчаюцца ў вадзе, яны тлушчарастваральныя. Але для таго, каб зрабіць “таблеціраваную” форму, малекулу стэроіда злучаюць з часткай, якая павялічвае распушчальнасць у вадзе”.
Выходзіць, тэарэтычна растварыць парашок у каве магчыма, але зрабіць гэта хутка і незаўважна — не.
Мікіта Камаеў не верыць у версію, што Аляксанд Яфімаў без ведама спартсменкі падмяшаў ёй у каву бессэнсоўны допінг:
“Калі мэта трэнера была палепшыць вынік і для гэтага патаемна ёй дадаць таблетку ў каву, то гэта версія не вытрымлівае ніякай крытыкі. Трэнер дастаў спецыфічны прэпарат, які выкарыстоўваецца часта для жанчын, валодае выражаным анабалічным дзеяннем. Але мэты палепшыць вынік ён не дасягне, паколькі аднаразовае прыняцце прэпарата ў таблетачнай форме не дасць выніку”.
Аляксандр Яфімаў паведаміў, што захоўваў метэналон “з-за добрага тэрапеўтычнага эффекту, які ўласцівы гэтаму прэпарату”.
Пры дапамозе метэналону ў рэдкіх выпадках лечаць падагру, ганарэю і некаторыя іншыя інфекцыі.
Ці магчыма набыць метэналон у нашых крамах і аптэках? Тэлефануем пад выглядам кліентаў у адну з папулярных крамаў, якая спецыялізуецца ў продажы спартовага харчавання.
Еўрарадыё: У вас ёсць прэпарат з назвай “Прымабалан” (яшчэ адна назва прэпарату)?
Крама: Вядома ж не! Гэта анабалічны стэроід, ён забаронены да продажу.
Не знайшлі мы допінг і ў іншых профільных крамах.
Як высветліла Еўрарадыё, метэналон (ці “Прымабалан”, ці “Прабенецыд”) не зарэгістраваны ў Беларусі ў якасці медыцынскага прэпарата.
Звычайна сродак ценявым шляхам трапляе да спартсменаў, якія канкрэтна ведаюць, для чаго ён ім патрэбны.
Таму версія пра падсыпаны ў каву метэналон, як ні круці, выглядае, павешанай на вушы локшынай.
Фота atletiekweek.nl