Казначэйства ЗША падазрае два беларускія банкі ў адмыванні грошай
У сённяшняй заяве амерыканскага фінансавага ведамства "Трастбанк" і "Крэдэксбанк" былі ўключаныя ў секцыю 311 Патрыятычнага Акту ЗША.
Яны праходзяць, як установы, якія выклікаюць "першачарговую занепакоенасць адносна адмывання грошай".
"Гэтыя захады накіраваныя на тое, каб абараніць амерыканскую фінансавую сістэму ад замежных фінансавых установаў, чые надзвычай падазроныя парадкі правядзення трансакцыяў і татальная адсутнасць празрыстасці робіць немагчымым устанавіць, ці займаецца банк якой-небудзь легальнай дзейнасцю наогул", — цытуе каментар намесніка міністра ЗША ў справе тэрарызму і фінансавай выведкі Дэвіда Когена Радыё Свабода.
Уключэнне ў згаданы спіс дае права міністру фінансаў ЗША запатрабаваць ад Белага дому ўвядзення санкцый супраць банкаў. Міністэрства фінансаў ЗША ўвяло абмежавальныя захады супраць "Трастбанку" (тады называным "Інфабанк") яшчэ ў 2004-м — "за адмыванне грошай Садама Хусейна".