КДБ напісаў заяўкі на гранты на суму 9 млн долараў
На сайце Міністэрства эканомікі надрукаваны спіс праектаў, якія дзяржустановы прадстаўляюць донарам.
У рамках праграмы Міжнароднага тэхнічнага супрацоўніцтва на 2012–2016 гады. Агулам маецца 114 праектных прапановаў на суму 411,5 млн долараў.
У першым сваім праекце КДБ просіць фінансаванне на "набыццё і пастаўку тэхнічных сродкаў і абсталявання для забеспячэння дзейнасці ў сферы барацьбы з тэрарызмам, арганізацыі і правядзення контртэрарыстычных і іншых аперацый, аператыўнага правядзення спецыяльных і крыміналістычных даследаванняў ў рамках дзяржаўнага рэагавання на акты тэрарызму". Дзяржбяспека спадзяецца атрымаць ад замежных донараў 6 мільёнаў долараў.
Другі праект з КДБ накіраваны на "ўдасканаленне сістэм мераў па супрацьдзеянню ядзернаму і радыяцыйнаму тэрарызму на тэрыторыі Беларусі". Гэты праект разлічаны на 3,5 мільёны долараў, паведамляе "Наша ніва".
Тры праекты заявіла і Міністэрства ўнутраных справаў. Сярод іх — "супрацьдзеянне карупцыі ў Беларусі".
Адзначым, што донарамі Міжнароднага тэхнічнага супрацоўніцтва з’яўляюцца краіны ЕС Вялікабрытанія, Нямеччына, Польшча і іншыя, ЗША, Канада, Японія, уласна Еўрасаюз, ААН і іншыя краіны ды структуры.
Фота — bymedia.net